- Ну... Дык «чы добра мы зрабілі, пакінуўшы вунію»?
- Вы што, - спытаў Вольке, - блёкату наеліся?
- Ён даводзіць... ён даводзіць, што... добра. І вось у канцы... Мы не паглядзелі ў канцы. Тут надпіс: «Дазволена цэнзураю».
- Ну і што? - з неўразуменнем спытаў Вольке.
- А тое, што гэта наша... прабачце, ваша кніга, якая выпадкова трапіла за мяжу і прыйшла ў гэтым корабе назад.
- Не можа быць, - сказаў Вольке. - Іх забараняюць.
- Адну, відаць, дазволілі. Даўно. За подласць. За абарону вашага, забітага добрымі людзьмі, вырадка.
Ён рашуча дадаў:
- Заўтра я падам у адстаўку, Вольке. І вы падтрымаеце мяне. І няхай суд, а я з'еду з кардона зараз, цяпер. Калі армія займаецца тым, што ловіць людзей і забівае іх за малітоўнікі, - дык... я хацеў на такую армію.
- Вы звар'яцелі, Буткевіч, - сказаў Вольке.
- Я проста прачытаў адну крамольную кнігу, - з сумнай палёгкаю адказаў Буткевіч. - Яны нядрэнна зрабілі, што перанеслі яе цераз мяжу... Трэба паспрабаваць, трэба вярнуць адну тут... жанчыну. Я мяркую, што яшчэ не позна.