- Але нашто вам гэта насіць? Вы ж ведаеце, што забаронена. Вам хіба мала славянскіх малітоўнікаў?
- Яны хочуць разумець малітвы, - сказаў стары. - У малітоўніку ўсё зразумела. А поп спявае, нібы ў яго гарачая бульбіна ў роце: «І сушчым ва грабех». Адна бабуля думала: «І сухі верабей...» А каб яна глянула ў малітоўнік - яна б прачытала, што гэта не «сухі верабей», а «і тым, хто цяпер у труне... у тру...не».
Ён змоўк, моцна сціснуўшы вусны.
Гледзячы на гэтую сівую галаву, адчуваючы, што нельга, упершыню ў жыцці, не парушыць загад, Буткевіч сказаў:
- Бярыце сына, Туравец. Толькі я вас... асабіста... разумееце, асабіста прашу, кіньце гэтую справу. Я нікому не скажу, але вы кіньце. Бо другі раз так проста не абыдзецца. Другі раз вас могуць забіць. У сутычцы або нават проста расстраляць. Начальства ў гневе... Ну, абяцаеце?
Стары маўчаў.
- Ідзіце, - пасля паўзы сказаў Буткевіч. - Ідзіце, Бог з вамі.
...Тураўца сустрэлі ўсяго праз тры тыдні пасля гэтых падзей. Стары схібіў можа ўпершыню ў жыцці. А можа, гэта і не было хібаю. Можа яму проста стала цяжка цягаць па нетрах і зарасніках цяжкі кораб.
Ва ўсякім разе, ён ішоў амаль адкрытым месцам, рэдкімі хмызамі, што раслі над урвішчам. Гліністым і камяністым, высокім урвішчам над ракой.
Ішоў, не зважаючы на тое, што рабілася вакол. Цяжка перастаўляў вялікія пляскатыя ступакі. А лубяны кораб вісеў на спіне, на двух рамянях, грузны, абвіслы.
...Яго падпусцілі зусім блізка. Потым Вольке выйшаў з хмызоў.
- Здавайся, Корч, - сказаў ён. - Адхадзіў.
Стары кніганоша без боязі ўзняў вочы і раптам зрабіў некалькі хуткіх крокаў ад афіцэра, быццам самі ногі прымусілі яго ўцякаць. Потым спыніўся - магчыма, таму, што ўцякаць не было куды, бо за спіною абрывалася зямля, а магчыма, і проста з-за абыякавасці.
- Адхадзіў, - сказаў ён. - Твая праўда. Куды ж цяпер?
- Мая справа, - абарваў яго Вольке. - Можа ў турму. А можа мы і тут з табою... скончым. Папсуў ты нам крыві, сволач.
- Не пайду я ў турму, - спакойна сказаў кніганоша. - І кулі твае мне не трэба. Сабе зберажы.
Вольке і салдаты рушылі на яго. Але ён зрабіў некалькі крокаў, быццам разбягаючыся, і спыніўся над самым урвішчам. Ногі не слухаліся.
І тады ён, быццам прымушаючы сябе, голасна сказаў:
- Ну!!!
Вялікія, расплясканыя ступакі яго яшчэ стаялі на зямлі, а цела ўжо хілілася і хілілася...
А потым сарвалася ўніз.
Ён ударыўся аб валун, што выступаў са стромы. І рамяні, відаць, парваліся, бо далей цела і кораб падалі па сабе.