На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгарлаліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяціла праз яго сонца. Весела было жабкам — вось яны і спявалі.
І тут прыплыла пратокай з такога самага суседняга балотца-возера вялікая балотная Чарапаха. Жыла яна адна, пачула вясёлыя спевы і вось прыплыла, вынырнула, напалову вылезла на бераг і ўся аж зморшчылася ад асалоды. Надта добра спявалі жабкі.
— Жабкі, жабкі, дзень добры.
— А ты што за цуда-юда? — спыталі жабкі.
— Я Чарапаха.
— Бачыць такое не бачылі, чуць гэткае не чулі. Значыць, не можа цябе быць.
— Ды ёсць жа я, — сумна сказала Чарапаха. — І як жа вы добра спяваеце! Паўтарыце, калі ласка. Проста салаўі.
— Можам, — сказалі ўлешчаныя жабкі.
Ку-ма, кума
Бор-ршчык вар-рыла.
— Выдатна, — сказала Чарапаха. — Выключна. Жабкі-жабкі, прыміце мяне ў свой хор.
— А ты спяваць умееш?
— Не. Я слухаць люблю.
— Дык слухай. Здалёк. Ці прывядзі сястру, якая ўмее.
— І яна не ўмее, — сумна сказала Чарапаха. — Мы, чарапахі, не ўмеем спяваць. Голасу нам не дадзена.
— Дык нашто ты нам тады? — спыталі жабкі.
— А слухаць вас хто будзе? Хваліць?
— Нас і так усе чуюць. І ўсе хваляць
— Ну і я ціхенька сядзела б ды хваліла, — сказала добрая і разумная Чарапаха.
— Дык ты, можа, яшчэ нешта ўмееш? — спытала Галоўная Жаба ў хоры, якая аж дзьмулася ад важнасці.
— Плаваць умею. Ныраць.
— Гэта й мы ўмеем. А скакаць умееш?