Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Ладдзя Роспачы стр 7.

Шрифт
Фон

Гервасій не адказаў. Галава ў яго была закінутая, нібы ў сляпога, грудзі шырыліся, ноздры трапяталі.

А над ім былі неба і гарачае святло.

...Бліжэйшыя ад іх уваходы ў пекла знаходзяцца, як вядома, даволі далёка ад Рагачова.

Адзін з іх ляжыць на дне Равучага возера, што пры Іпуці (нездарма ж там так раве вада, нібы нехта глытае яе на дне).

Кажуць, гэта зроблена, каб ніхто з жывых не трапіў у апраметную і яшчэ каб жывіць падземныя воды і катлы.

Так што ісці нашым спадарожнікам было далёка, на што Выліваха ўвогуле не наракаў. Ішоў. Дыхаў салодкім паветрам. Зрэдку перацягваў на грудзі лютню і браў некалькі акордаў:

Роснымі лугамі,

Полечкам траўлівым –

Іду да Абрама

На моцнае піва.

Смерць усміхалася, як шэсць тысяч год таму:

– Ты спадзяешся ўбачыць прабацьку Абрама?

– Не вельмі, – непрыкметна кпіў Выліваха. – Але ж павінны былі кудысьці падзецца ўладары, патрыярхі, біскупы? Яны ж столькі крычалі аб небе.

– А цяпер яны бяднейшыя за апошняга раба на зямлі. Бо ў царстве маім раб не адчувае нічога. А яны – адчуваюць. І пустэчу, і тое, што нічога няма.

– Хай жыве справядлівасць, – сказаў Выліваха. – То ім, атрымоўваецца, усё ж дадзена неўміручасць душы?

Бязвокая паляпала яго па плячы. Нібыта бразготкай з сухім гарохам.

– Ты хочаш такога бяссмерця? Пасля ўлады над целамі і жыццямі, над землямі і праўдай – не адчуваць нічога, акрамя свайго мозгу? Не валодаць целам, не мець магчымасць нічым распараджацца? Бачыць, як шчаслівыя засынаюць, як планеты паступова закоўваюцца ў лёд. Быць чымсьці накшталт паралітыка, які збярог яснасць розуму, але ведае, што гэта будзе цягнуцца вечна, і не мець надзеі на ўратавальніцу, на мяне. Хочаш такога бяссмерця?

Гервасій не выдаў сябе, хаця яму ўпершыню стала непамысна.

– Нашто? Лепшую частку сябе я пакінуў на зямлі.

– Якую?

– Тых, каго я любіў.

– Ну, а калі ты сустрэнеш кагосьці ў мяне пад зямлёй?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора