Над светам стаіць «Нешта». І палова людства баіцца яго, хоць варта было б толькі ўсім людзям як адзін сказаць «не хачу», і гэтае ідалішча развеялася б дымам.
У дзядзькі ад гэтых думак баліць галава, нараджаецца нявер'е ў сябе і ў род чалавечы.
У Алёнкі таксама ёсць свае страхі. Яны, праўда, — маленькія, але хіба для такога кураняці шмат трэба?
Гэты страх — Пыласос!
Даўно, да прыезду ў гэты дом на адпачынак, ім на кватэру прынеслі падобнае на чарапаху страшыдла. І з таго часу яно напаўняла сваім трэскам пакоі.
Яно бурчала і паўзло, як жывое.
І дзікі, нечалавечы жах апаноўваў Алёнку. Яна нават не крычала, яна глядзела ў адну кропку і дрыжала ўсёй скурай.
Нарэшце дарослыя заўважылі гэта і сталі выносіць малое на вуліцу пад час работы страхоцця, але адразу, з усёй жорсткасцю дарослых, выкарысталі гэты страх.
Прывід Пыласоса вісеў над Алёнкай і тут.
Захочацца пайсці ў кусты і надзерці там поўныя жмені зялёных парэчак — і адразу ж гучыць грозны голас:
— Нельга. Пыласос!!!
Вочы яе адразу акругляюцца і застываюць. Рукі з ружовымі танюсенькімі пальцамі закладваюцца за спіну і там шаруюцца адна аб адну. Яна паварочваецца і непаслухмянымі губамі паўтарае:
— Там... пасёсь.
І глядзіць на маці вялізнымі вачыма.
Гэтыя вочы так нагадваюць дзядзьку другія вочы, што ён увесь уздрыгвае ад глыбокага і цёплага прыліву пяшчоты. Потым адбываецца размова з сястрой:
— Не смей яе палохаць.
— А ты сам тады глядзі за ёю ўвесь дзень. На ёй скура гарыць.
— Ну і дзякуй Богу. Можа, я гэтых парэчак не еў у дзяцінстве? Або ты? Усе гэтыя твае стрэптакокі — у стэрыльных бальніцах. А там, дзе бабы на полі бульбу капаюць, — аб іх і не чулі.
— Не ты ёй маці, а я. Мне і меркаваць.
Дзядзька маўкліва згаджаецца з бясспрэчнай ісцінай.
І зноў цэлымі днямі гучыць над дзіцёнкам імя страхоцця.
— Не хадзі туды, не рабі гэтага, не рві таго!