Тэрмін барока паходзіць ад італьянскага слова barocco, што азначае вычварны, дзіўны. Неверагоднасці ў мастацтве барока хапала ва ўсім: у форме, змесце, стылі. У літаратуры гэта праяўлялася ў змяшэнні рэальнага з ірэальным, перапляценні свету ілюзорнага з канкрэтна рэалістычным і побытавым, адлюстраванні кантрастаў сапраўднага і ўяўнага, засіллі пачуццёвасці, выяўленні драматызму дзеяння аж да паказу трагедыйнасці становішча персанажаў.
Барока на Беларусі ў літаратуры дало штуршок для развіцця школьнай драмы, інтэрмедый, парадыйна-гуманістычнай і сатырычнай паэзіі, іранічнай і саркастычна-зедлівай прозы, жартоўных пераказаў незвычайных прыгод у лесе, у панскім двары, алегорый вандроўных сюжэтаў. Нараджаўся беларускі народны лялечны тэатр батлейка. Шырока ўкаранялася ў свядомасць народа меладычная і эмацыянальна-пачуццёвая песенна-інтымная лірыка, якая шырока распаўсюджвалася і ахоплівала розныя слаі насельніцтва, людзей самых розных узростаў, ад юнакоў і дзяўчат да асоб сталага веку.
Гармонія чалавека і свету па-ранейшаму прыцягвала ўвагу творцаў, зяўлялася мерай духоўных каштоўнасцей. Але ў формах падачы матэрыялу назіралася ўжо большая вольнасць думак і пачуццяў. У стылі барока актыўна выкарыстоўваліся алегорыя, ускладненасць метафар, адбывалася перанасычэнне эпітэтаў, параўнанняў, гіпербалізацыя падзей і вобразаў. Але не ў гэтым была адметнасць часу, а ў тым, што творы мастацтва ставілі задачу прабіцца да пачуццяў чалавека, апелявалі да эмоцый, да людскіх адчуванняў, а гэта значыць, што ўздзеянне такога мастацтва на фарміраванне светапогляду самой асобы ў значнай ступені павышалася.
Гэта быў час развіцця дыдактычна-філасофскай лірыкі, аратарскай прозы. На першы план выходзілі павучальны змест, маральны аспект. Адбывалася прамое ці ўскоснае адмаўленне Адраджэння і Рэфармацыі.
На Беларусі вылучаюцца высокае (творы якога напісаны на польскай, лацінскай, стараславянскай мовах), сярэдняе (разлічанае на бяднейшую шляхту і гараджан), а таксама нізкае, ці мужыцкае (парадыйна-сатырычная і гумарыстычная паэзія і проза, інтэрмедыі, сцэнкі, маналогі, дыялогі), барока.
На эпоху стылю барока прыпадае росквіт народнага тэатра, актыўна развіваліся сатыра, гумар. Шырока бытавалі эпічныя жанры, асабліва распаўсюджаны быў эпас пра жывёл, расліны, зявы прыроды, пра розныя паўсядзённыя здарэнні, прыродныя і жыццёвыя анамаліі. Гэта быў час барокавай лірыкі, калі субектыўнае пераважала над абектыўным, калі лірыка разглядалася як адна з найяскравейшых форм самавыяўлення паэта, якога перапаўнялі пачуцці. Упершыню так выразна праяўляліся прыкметы макаранічнага стылю, характэрнай асаблівасцю якога зяўлялася цеснае суседства, перасыпанасць вершаваных радкоў словамі з розных моў, блізкароднасных ці нават больш аддаленых.
Увогуле ж мастацтва барока мае некалькі этапаў свайго развіцця: ранняе (канец XVI першая палова XVII ст.), сталае (другая палова XVII першая палова XVIII ст.), позняе барока (з сярэдзіны XVIII ст.).
Для архітэктуры былі характэрны напышлівасць і грувасткасць фасадаў, складаныя лініі ў забудовах, імкненне ўпрыгожваць будынкі арнаментальнай лепкай, шматкаляровай мазаікай, вітражамі, разьбой па дрэве, распісваць сцены і столь, а таксама паўсюдная ўстаноўка самых разнастайных маленькіх і вялікіх скульптур.
У жывапісе таксама панавала адлюстраванне велічнасці планаў, падкрэслівалася значнасць падзей, палатно павінна было ўражваць грандыёзнасцю задуманага і здзейсненага.
У гэты перыяд на Беларусі пабудаваны выдатныя храмы Гродзенскі касцёл Святога Францыска Ксаверыя, касцёл Гродзенскага езуіцкага калегіўма.
У кнігадрукаванні майстрамі была ўведзена ва ўжытак кніжная графіка, дзе кожная літара мела сваю аздобу, значна палепшыліся пераплёты кніг, па-новаму афармляліся вокладкі і тытульныя старонкі.
На Беларусі галоўныя прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах народных рамёстваў ткацтве, вырабах са шкла, гліны (паліваная кераміка), разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве. У краязнаўчым музеі пры бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў паўночнай частцы Лондана ў раёне Фінчлі, дзе знаходзіцца так званая беларуская вёска, захоўваюцца два рарытэтныя слуцкія паясы і фрагменты трэцяга, у якім нават можна пакратаць рукамі залатую нітку, што ўткана ў шырокую і ад таго цяжкую, але прыгожую, стракатую, узорыстую тканіну.