Помнік Міколу Гусоўскаму ў двары студэнцкага гарадка БДУ (скульптар У. Панцялееў)
У сваёй славутай паэме Песня пра зубра беларускі паэт, які пісаў на лацінскай мове, упершыню шырока і ўсебакова ўславіў Беларусь і яе прыроду, апеў веліч, мудрасць, духоўнасць беларускага народа, свабодных духам людзей. Так быў адкрыты для ўсёй Еўропы край беларускіх пушчаў і палёў, азёр і рэк, сапраўдны архіпелаг зямнога хараства і незлічоных багаццяў.
Сын паляўнічага, М. Гусоўскі добра ведаў таямніцы лесу, паводзіны зубра волата беларускіх лясных нетраў, пушчанскага рыцара, неаднойчы сам удзельнічаў у паляванні. І калі ён упершыню ўбачыў карыду, калі пачуў, як расхвальваюць бой з быком, паабяцаў расказаць цывілізаванаму свету пра паляванне на зубра ў глухіх беларускіх лясах.
Па заказу Папы Рымскага паэт у 1522 г. стварыў вядомую нам сёння паэму, якая мела першапачатковую назву Паляванне на зубра. Пазней гэтая паэма ўвайшла ў зборнік Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго, дзе змяшчаліся яшчэ і адзінаццаць вершаў (напісаных у Рыме) пад назвай Песня пра зубра. Гэты мастацкі твор і дайшоў да нас упершыню ў 1969 г. у перакладзе Я. Семяжона з лацінскай мовы. Асноўным зместам твора па сутнасці стала паляванне на зубра ў Белавежскай пушчы. Падрабязна і дэталёва аўтар апісвае тое, як спачатку заганяюць зубра ў загон, як затым разюшаны стрэламі звер гатовы крушыць і ламаць, зносіць усё на сваім шляху, як лавіна з гары. Падабенства з апісаннем іспанскай карыды тут відавочнае. Пушчаў жыхар, магутны зубр, паводзіць сябе ваяўніча, нястрымна, дзіка.
Грозны і страшны цяпер гэты лясны велікан.
Гневам напяты ўвесь, шыбуе праз пні і калоды.
Але, як і ва ўсякім выдатным мастацкім творы, змест паэмы выходзіць далёка за межы толькі апісання палявання на ляснога звера. У паэме перадаецца абагульнены лёс краіны, лёс народа. Для Міколы Гусоўскага зубр увасабляў сілу, моц і прыгажосць роднай зямлі. Пушчанскі рыцар паказаны магутным, велічным, неўтаймаваным, высакародным, ён нібыта выступае абаронцам усіх пакрыўджаных, занядбаных, абаронцам, які гатовы прынесці сябе ў ахвяру, загінуць у няроўнай барацьбе дзеля таго, каб жыў дух беларускіх лясоў. Гэта вобраз-алегорыя. Аднак паэт не апісвае самой смерці волата беларускай пушчы. Усім ходам свайго паэтычнага аповеду аўтар імкнецца сцвердзіць жыватворную сілу беларускай зямлі, яе неўміручы дух, нязломнасць, веліч і духоўнасць народа, пра які паэт кажа, што духоўныя скарбы свае людзі гэтай зямлі на золата нават не прамяняюць.
Паэма сведчыць, што ў беларускай паэзіі таксама шырока выкарыстоўвалася лацінская мова, якая была найбольш распаўсюджанай у Еўропе ў Сярэднія вякі, зяўлялася і ў ВКЛ мовай навукі і культуры. На лацінскай мове Мікола Гусоўскі напісаў яшчэ гістарычную паэму Новая і славутая перамога над туркамі ў ліпе ні месяцы (1524), з-пад пяра паэта выйшаў таксама твор у вершаванай форме Жыццё і подзвігі святога Гіяцынта (1525).
Пытанні для кантролю1. Чым славіцца эпоха Адраджэння?
2. Якую ролю адыграла эпоха Адраджэння ў развіцці ўсяго чалавецтва?
3. Якіх сусветна вядомых дзеячаў эпохі Адраджэння вы ведаеце?
4. Назавіце беларускіх дзеячаў эпохі Адраджэння.
5. У якіх умовах пачыналася станаўленне ўласна беларускай літаратуры? Назавіце яе асноўныя жанры.
6. Гістарычнае значэнне дзейнасці Францыска Скарыны першадрукара і асветніка, яго роля ў пашырэнні асветы, стварэнні прыгожага пісьменства, кнігадрукавання на Беларусі.
7. Ахарактарызуйце значэнне творчасці Міколы Гусоўскага ў агульнаеўрапейскім кантэксце.
Літаратура XVIIXVIII стст.
Барока. Класіцызм. Асветніцтва
У канцы XVIXVIII ст. у Еўропе шырокае распаўсюджанне атрымаў стыль, названы барока, які спачатку ахапіў архітэктуру і выяўленчае мастацтва, а пазней і іншыя віды творчасці. Барока стала своеасаблівай формай Контррэфармацыі. У мастацтве ўзнікалі новыя выяўленчыя тэндэнцыі, метады і прыёмы, своеасаблівыя падыходы да раскрыцця рэчаіснасці. Усё мацней заяўляла аб сабе перавага формы над зместам.
Эпоха стылю барока характарызуецца пэўнай элітарнасцю жанраў, імкненнем да знешніх эфектаў, пышнасці, відовішчнасці, параднасці, да таго, што абавязкова павінна ўразіць чалавека, пакінуць след у ягонай душы. У мастацтве назіралася захапленне новаўвядзеннямі, вычварнасцю форм, праяўлялася жаданне здзівіць нагрувашчаннем розных стыляў, змяшэннем фарбаў: наварочана, накручана, фарба фарбаю атручана.