Цэментавая падлога была халоднай, таму паэт увесь час пераступаў, як той смаргонскі мядзведзь, з нагі на нагу, адчуўшы раптам, што яму не проста млосна ў гэтым цёмным катуху, але і млосна жыць на белым свеце. І невясёлыя думкі віравалі ў галаве.
«Вось уліп дык уліп. Добра яшчэ, калі Лёха ачомаецца. А як памрэ? Завядуць крымінальную справу, пачнуць выклікаць на допыты. І добра яшчэ, каб у якасці сведкі. Не-э, пара завязваць з той паэзіяй, бо хутка за беларускую мову пачнуць збіваць нагамі. Гэта раней мы, беларусы, былі бэнээфаўцамі, цяпер вось ператварыліся ў бандэраўцаў. А з бандэрай, казаў той пляшак, размова кароткая могуць і на той свет выправіць». Фае ізноў абудзілася. Пачуліся кароткія воклічы, катаржны шоргат падэшваў. Ні жывы ні ўмерлы Макар прачыніў дзверы, зірнуў у вузкую пройму і ўбачыў двух міліцыянтаў, якія вялі пад рукі кучаравага маладзёна. Маладзён пры гэтым зацкавана азіраўся і, наглытаўшыся вады з хлёркай, голасна ікаў. На дне душы Макаравай абудзілася і пачало дымна тлець адчуванне віны перад хлопцам, і дрыготкія вусны з няўклюдным спачуваннем прашапталі:
Згарэў ні за што.
Макар чакаў, што зараз з прымыльніка вывядуць лысага ды вынесуць Лёху, але нікога больш не выводзілі і не выносілі. Замест таго лазню скалануў жаночы лямант:
Іх чацвёра было!..
Голас падаўся Макару знаёмым, і ён прыпаў да шчыліны. Ну вядома, гэта вірлавокая балбатуха выкулілася з жаночага аддзялення. Кабеціна была спавіта ў прасціну, а на галаве быў накручаны турбан з махровага ручніка.
Адзін невялічкага расточку за мной стаяў. Потым яшчэ падышоў здаровы такі, лысы і выгляд бандзюкаваты. І завяліся з двума другімі. Адзін быў у вайсковай адзежыне, а другі ў сіняй куртцы, і венік трымаў пад пахай Мне яшчэ падалося, што ў яго крыху не хапае
Балаболка лупатая, уголас прашаптаў Макар, спужаўшыся ўласнага голасу.
Ну а за што яны завяліся? запытаўся міліцыянт, які стаяў поруч і штосьці пісаў у нататніку.
Ды той, дурнаваты, крыкнуў штосьці па-хахляцку, а маленькаму ну, задрыпу таму, што за мной стаяў, гэта не спадабалася
А што ён крыкнуў? Пастарайцеся згадаць. Гэта вельмі важна. Можа, што пра майдан ці пра выбары?
Ды не я якраз з сястрой размаўляла, і сказала, што пасля парыльні кілаграм вагі скінула. А той хахол загарлаў, што гэта пот з арганізму выйшаў.
Усё абшукаў нідзе няма, гукнулі знянацку з прымыльніка.
Аббяжы вакол лазні, можа, дзе, голыя, у кустах сядзяць, загадаў міліцыянт, піхнуўшы ў кішэнь нататнік, і ў «хуткую» патэлефануй. Хай прыедуць, паглядзяць таго кантужанага.
Макар вылез са спрату і на цырлах, сабраўшы ў прыгаршчы машонку, заляцеў у прымыльнік. Недаростак, дзякаваць богу, ачуняў: сядзеў на лаве, а перад ім, прыпаўшы на калена, завіхаўся лазеншчык з медычнай пляшачкай у руках. У паветры да свербу ў носе пахла нашатырам.
Шафка была расчынена, і вопратка валялася на падлозе. Няйначай, кучаравы небарака раскідаў, як збіраўся ў пастарунак.
Макар з цяжкасцю нацягнуў штаны, нахіліўся, каб падняць кашулю, ды так і замёр нерухомы. За тры метры ад яго стаяў пляшак і дрогкімі рукамі спрабаваў надзець трусы. На плешака было страшна глядзець: ён быў мокры ад макаўкі да пятак, дарэшты ссінелы, і яго ўсяго калаціла. І дрыжыкі былі нейкія дзіўныя: лыткі, чэрава, лысая галава і ліловы азадак тузаліся, дрыжэлі, пульсавалі ў нейкім дзікім разнабоі, а з расквашанага носа і пабітай макаўкі ценькімі струменьчыкамі збягала юха. Пляшак, відаць, хаваўся ў кантраснай ванне. Вада там ледзяная, таму і скарчанеў, як цуцык.
Макар падышоў да акалелага небаракі, дапамог насунуць кашулю. Кроў з пабітай макаўкі пайшла як мае быць, таму давялося адарваць кавалак газеты, што ляжала, прыціснутая мокрымі нагамі, на падлозе, прыляпіць да раны.
Міліцэйскай машыны каля лазні ўжо не было. Зірнуўшы на «хуткую дапамогу», што калывалася на выбоінах, Макар паляпаў па сцёгнах, шукаючы цыгарэты, і толькі тады заўважыў, што надзеў чужыя порткі. Ён дастаў пачак, працягнуў скалеламу гаротніку. Той памкнуўся вылушчыць цыгарэту, але пальцы зусім не гнуліся, і Макар сам уставіў цыгарэціну ў пасінелыя вусны, пстрыкнуў перад разбітым носам запальнічкай. Змагаючыся з дрыжыкамі, гаротнік зацягнуўся цыгарэтным дымам, і на змарнелым твары ягоным нарадзілася журботная ўсмешка.
Тузік і Кузік
Прадказанне, як вядома, справа рызыкоўная. Вось і матухна Пелагея штогоду кажа: «На габрэйскую Пасху халадэча, а на нашу Божая цяплынь». А што маем? Чысты чацвер падаспеў, а ў паветры белыя мухі кружляюць, і Тузік з Кузікам два ўвішныя, невядомай пароды, дварнякі, не могуць угрэцца і сядзяць у сваёй будцы.