Вінцэсь Мудроў - Забойца анёла (зборнік) стр 4.

Шрифт
Фон

Тузік і Кузік

Прадказанне, як вядома, справа рызыкоўная. Вось і матухна Пелагея штогоду кажа: «На габрэйскую Пасху халадэча, а на нашу Божая цяплынь». А што маем? Чысты чацвер падаспеў, а ў паветры белыя мухі кружляюць, і Тузік з Кузікам два ўвішныя, невядомай пароды, дварнякі, не могуць угрэцца і сядзяць у сваёй будцы.

Дварнякі вартуюць будматэрыялы дзесяць кубоў адфугаваных дошак, гару сілікатнай цэглы ды тузін мяхоў з вапнаю. Учора, поруч з будкай, ляжалі таксама лісты дэкаратыўнай фанеры, але з ночы цесляры, што тут завіхаюцца, занеслі іх у царкву і цяпер безупынна лупяць малаткамі, збіваючы «царскія брамы».

Тузік і Кузік яшчэ зусім маладыя псіны. На мінулыя Пакровы іх, гарэзлівых шчанюкоў, падкінулі ў двор айца Антонія, і матухна Пелагея жанчына дарэшты чуллівая,  прытуліла гарэзаў у хлеўчыку, кінуўшы ў кут старую ватоўку і наліўшы ў бляшанку цёплага казінага малака. Завітаўшы наступнага ранку ў хлеўчык і пабачыўшы, як руды, з белымі«гамашамі» на пярэдніх лапах шчанюк тузае за вушы чарнявага, з белай «манішкай» на грудзіне сябрука, матухна Пелагея ахрысціла аднаго з іх Тузікам, а другога Атлантавым. Надта ж падобны быў чарнявы шчанюк з «манішкай» на опернага спевака, якога колісь паказвалі па тэлевізіі і якога матухна любіла за густы бас і мужнае аблічча. Айцец Антоні, аднак, з другім імем не пагадзіўся. «Не варта псінам даваць чалавечых імёнаў»,  мовіў, спехам перахрысціўшыся, і прапанаваў назваць шчанюка Кузікам.

На тлустых святарскіх харчах сабакі хуценька раслі і, што дзіўна, амаль не брахалі. І толькі адранку, пачуўшы, як гаспадар спрабуе непракерханы голас, з адчайным дзяўканнем кідаліся да парога гаспадаравай хаты. Блазнюкам здавалася, што гаспадара нехта душыць і ён лямантуе аб дапамозе.

 М-митропол-литу М-минском-му и Сл-луцком-му-у  зычна цягнуў айцец Антоні, гэтак жа зычна керхаў, і матухна Пелагея, ступіўшы на ганак, дакорліва прамаўляла:

 Ну чаго, чаго ўсхадзіліся?..

У руках матухна несла слоік з малаком, і шчанюкі задаволена вілялі хвастамі малако ім падабалася і дзяўкаць такою хвіляю нават самаму зласліваму сабаку не выпадала.

Тры месяцы гойсалі Тузік і Кузік па двары, а неўзабаве ім знайшлася праца: вартаваць недабудаваную царкву, дакладней, атачоны дашчаным плотам цвінтар, на якім ляжалі піламатэрыялы ды розны будаўнічы хломазд. Напачатку сабак пасадзілі на доўгія ланцугі, але ў першы ж вечар Тузік з Кузікам так у іх заблыталіся, што адзін з ланцугоў давялося перапілоўваць, а Тузіку яшчэ і прыпякаць ёдам да крыві намуляную лапу. Ад той пары сабакі вартавалі цвінтар без ланцуга і ставіліся да сваёй працы з усёй адказнасцю. Вось і мінулай суботы давялося Тузіку хапануць за калашынне прапара Патрыкеева. Прапар той прымачыць у хаце загадчыцы мясцовай крамы і трэці год запар будуе ля хаты лазню. «Ну што, гвардзейцы віславухія службу несяце?» стоена гукнуў Патрыкееў, завітаўшы а дванаццатай гадзіне ночы на цвінтар. Сабакам такі жарт не надта спадабаўся. Яны пацягнулі насамі, а ўнюхаўшы агідны пах вермута, якім быў працяты кадравы вайсковец, пакінулі віляць хвастамі і наструніліся. «Брус які ўзяць, ці што?» прамармытаў, загаворваючы сабачыя зубы, начны госць, і не паспеў ускінуць на плячук даўжэзны брус, як Тузік схапіў яго за калашынне форменных штаноў. Сабакі заліліся брэхам, іх падтрымалі спакрэвічы з усяго пасёлка, і прапар паўпрысядкам, з мацюкамі на вуснах, пабег упрочкі, галавой адчыніўшы непадатныя весніцы.

Весніцы, дарэчы, на цвінтары адмысловыя: да іх прыбітыя спружыны, таму яны адчыняюцца з цяжкасцю. Зрабілі гэта, каб сабакі не давалі рады выскачыць на вуліцу. Ды тыя, з разгону, іх лёгка адчыняюць.

А яшчэ Тузік з Кузікам любяць ганяцца за жоўта-блакітнымі «жыгулямі», на якіх ездзіць даішнік Вазняк. Міліцыянт штодня прыязджае на абед да маці, старой Вазнячыхі, і сабакі, яшчэ здаля пабачыўшы міліцэйскую «канарэйку», бягуць ёй насустрач, а потым аж да самай Вазнячысінай хаты зацята брэшуць у выхлапную трубу.

З усімі астатнімі жыхарамі пасёлка сабакі жывуць дружна. Нават з Вазнячысіным катом, які часцяком завітвае на цвінтар і грэецца на дошках, пазіраючы на свет круглявымі, не раўнуючы як працяты сонцам агрэст, зіркадламі. Тузік гыркае на ката толькі тады, калі вусаты свавольнік пнецца, на паўсагнутых лапах, да бляшанак, у якія матухна Пелагея налівае малако.

Дзесьці на другім канцы псёлка гудзе машына. Кузік, чыя галава тырчыць з будкі, прыўзнімае правае вуха, слухае ці не Вазняк едзе?  і салодка, на поўную губу, пазяхае. Звычайна ад самага ранку на цвінтар забягае матухна Пелагея. Прыносіць малака, яшчэ якога едзіва Сёння ж гаспадыня затрымліваецца, і Кузік раз-пораз наструньвае слых і з нецярплівасцю пазірае на весніцы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3