Бахаревич Ольгерд Иванович - Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры стр 9.

Шрифт
Фон

Правінцыйных гарадоў у Расейскай імпэрыі, якія б ня мелі гатэлю “Парыж”, здаецца, проста не існавала. Як сапраўдная сталіца сьвету, Парыж вандруе па чужых вуліцах, учэпістым словам павісае на шыльдах, запаўняе сабой зарэзэрваванае месца ў памяці. Менскі гатэль “Парыж” стаяў там, дзе нядаўна была Малая сцэна Купалаўскага тэатру, на вуліцы Энгельса, побач з мэтро. У 20-я ў былым гатэлі месьціўся Дом чырвонай арміі, дзе кавалерыстаў вучылі страляць і падкоўваць коней. І вось туды, у гатэль “Парыж”, цягае нарабаваныя рэчы неўміручы купалаўскі пэрсанажык Мікіта Зносак. А адкуль? Ды з Архірэйскага падворку (там цяпер Дом афіцэраў) – блізка, зручна, надзейна. Зносак, які цягае чужыя рэчы ў “Парыж”, зьвяртаецца да “начальніка” няйнакш як “мусье таварыш” – Купалу гэта падалося дужа дасьціпным. Такое ў яго было пачуцьцё гумару.

“НАЧАЛЬНІК. Скажэце мне: вы ўчора грабілі кватэру грамадзяніна Боршчыка на Архірэйскім завулку?

МІКІТА. Нічога падобнага, мусье таварыш. Я ня грабіў, – мяне, меджду протчым, грабілі – фрэнчык формельны, боты жоўценькія зьнялі…

НАЧАЛЬНІК. Не загаварывайце зубоў, а кажэце праўду.

МІКІТА. Праўду кажу, ваша чырвонасьць, – даліпан, я не грабіў, меджду протчым.

СЬПІЧЫНІ. Пазвольце вам, гражданін рэгістратар, не паверыць: я сам, стоячы на сквэры, каля вадакачкі, бачыў, як вы зь іншымі цягалі рухомую маёмасьць з кватэры таварыша Боршчыка.

МІКІТА. Э! так бы і сказалі, гэр Сьпічыні, што я цягаў. Але я ня грабіў. Усяго таго было, што я па загаду свайго, меджду протчым, начальніка насіў гэтыя рэчы яму ў гасьцініцу «Парыж».

СЬПІЧЫНІ. Паложым, гэта таксама грабёж.

НАЧАЛЬНІК. I што далей было?

МІКІТА. Нічога. Там у нумары, куды я зносіў рэчы, сядзелі нейкія маладыя, меджду протчым, мусьі ў форме і нейкія маладыя, меджду протчым, мамзэлі бяз формы ды выпівалі пазнанскі лікёр.

НАЧАЛЬНІК. I вы тых рэчаў к сабе ў хату не цягалі?

МІКІТА. Ані падвязачкі не прыцягнуў! Ага! Маю нават сьведку. Мамзэль Наста была ў тэй самай кампаніі, дзе выпівалі, і бачыла, што я начальнікавы рэчы ўсе там складаў.

НАЧАЛЬНІК. Мы ўсё-такі маленькія агледзіны зробім вашых рэчаў, каб часам памылкова не запуталіся між імі і чужыя. (Робяць збольшага рэвізію. Начальнік знаходзіць кошык з бутэлькамі.) А гэта не награбленая гарэлка?

МІКІТА (набок). Оеей! Оеей! зусім прапаў і з костачкамі нават. (Да Начальніка.) Гэта… гэта не гарэлка, а, меджду протчым, лікёр пазнанскі, ваша таварыскасьць. На гандаль купіў, на свабодны гандаль, меджду протчым”.

Рэвалюцыі ўсе на адзін твар. Як гатэлі. Гэткі самы дыялёг мог бы адбывацца ў Парыжы часоў Вялікага Францускага Закалоту або ў эпоху Камуны – і ў зваротах Зноска да начальства чуюцца тыповыя безгустоўныя рэвалюцыйныя наватворы. “Вашая чырвонасьць” – гэта амаль як тэрмідор, а мамзэлі бяз формы – гэта, відавочна, Свабоды на барыкадах, у якіх зьявілася вольная хвілінка. У такія хвілінкі і лезе ў вялікую гісторыю маленькі чалавек, яе ахвяра і яе любімы гатунак мяса.


9. Рэчы. Дотыкі. Сьмерць

Чалавек асуджаны дзяліцца сваім цяплом – нават праз час і насуперак часу. Чым бліжэйшыя мы да сьмерці, тым цяплейшымі робяцца нашыя рэчы – быццам тыя дотыкі, якімі мы іх так абыякава адорваем, застаюцца жыць на рэчах дзеля іхных будучых уладальнікаў. Таму мы так любім блышыныя рынкі – бярэш у рукі старую попельніцу або відэлец, разгортваеш сырую, пахкую кнігу, цалуеш незапамятных часоў люльку, узіраешся ў жоўты фатаздымак, на якім даўно памерлая дзяўчынка робіць свае першыя крокі, – і не адразу, але рэч пачынае грэць душу, у ёй займаецца, тлее непрыкметны цьмяны агеньчык, і цябе ахінаюць цёплыя абдымкі чужога, даўно завершанага жыцьця. Нібы нехта нябачны дакрануўся да цябе кончыкамі пальцаў, нехта невідушчы намацаў у паўзмроку тваю скуру, твае вочы, тваю замерлую ад душнага і цёплага жаху душу.

У нашай любові да старых рэчаў ёсьць ціхая і бяскрыўдная нэкрафілія, любоў да мёртвага апалага лісьця, да трупнага паху паркаў, да восені матэрыі і яе апошніх зімовых сьлядоў. Нейкая прага ўдзелу ў незваротных і маркотных мэтамарфозах, якія адбываюцца навокал. Сьвет памерлых кліча нас неразборлівым шэптам, і пакуль мы трымаем рэчы ў руках, цяпло струменіць у нас паміж пальцаў. На блышыных рынках хочацца хадзіць моўчкі, каб улавіць гэты шэпт, гэтае цёплае дыханьне рэчаў, ад якога не застаецца сьлядоў – ні на шкле, ні на лбе, ні ў памяці.

Хто ведае, мо недзе тут, у бясконцых папяровых горах, хаваецца дзіўная паштоўка, выдадзеная ў Парыжы ў самым пачатку дваццатага стагодзьдзя: мурзатыя сялянскія дзеці, а ўнізе надпіс па-расейску: БЕЛОРУССЫ. Хто яе выдаў і навошта? Цяпер гэта скарб для калекцыянэраў-філякартыстаў, а тады, напэўна, успрымалася прыкладна так, як прывет з Афрыкі. Экзотыка…

У Парыжы шмат блышыных рынкаў – гэта горад вялікай гісторыі, а значыць, горад сьмерці, ведаў і рэчаў. Усе буйныя эўрапейскія гарады такія. У Менску адчуваецца брак букіністыкі і антыкварыяту, і блышыны рынак там толькі адзін, дый той ледзь дыхае. Менск баіцца гісторыі. Менск ня хоча нічога ведаць пра сябе і іншых, ня хоча прымаць сьмерць, ня хоча памятаць. Менск ня любіць рэчаў, якія яму належаць.

Гісторыя і геаграфія – навукі мёртвых, сьвет сьмерці, сьвятло з таго боку. Яны робяцца тваімі, пачынаюць для цябе нешта значыць, толькі калі ты прымераў іх на сябе. Напрыклад, адчуў цеплыню халоднай старой вопраткі.

На блышыным рынку каля Porte de Clignancourt мы доўга стаялі каля калекцыі адзеньня канца дзевятнаццатага-пачатку дваццатага стагодзьдзя: мацалі яго, удыхалі ягоны пах, уяўлялі яго на сабе. Рэчы памерлых людзей, іхны гардэроб – мне запомнілася, што ўсе гэтыя сукенкі, фракі, накідкі мелі нейкую нягнуткасьць, цьвёрдасьць, непадатлівасьць, як быццам іхныя ўладальнікі супраціўляліся нашаму бесцырымоннаму ўварваньню ў іхныя шафы. Але мы не надзявалі гэтыя шыкоўныя рэчы. Я запомніў, як мы сыходзілі ад таго страшнага і страшна прыцягальнага месца – з глыбокай пашанай, моўчкі, з захапленьнем людзей, якія толькі што зазірнулі ў старую шафу і пабачылі там строгіх мужчын і чапурыстых дамаў, што сумна і ўмольна прыклалі пальцы да вуснаў: нікому не расказвайце, што мы тут. Мы памерлі. Мы не адчуваем ні цяпла, ні сьцюдзёнасьці. Мы голыя і чыстыя, не глядзіце на нас, мы аддалі вам свае рэчы, выканаўшы апошні доўг.

Але адзеньне – гэта стракатасьць, памеры, формы, гэта дзікае гальлё, адзеньне – гэта расьліны. Звычайныя маленькія і простыя рэчы існуюць інакш – як раскіданыя між расьлінамі камяні.

Камень доўга трымае цяпло. Калі мы жылі ўлетку ў Друйскім кляштары, размаўлялі пра гэта з айцом Сяргеем Сурыновічам. Мы размаўлялі пра тое, як нагрэтыя сонцам каменныя муры падтрымліваюць у кельлях прыдатную тэмпэратуру і як холадна ў тых кельлях узімку, бо гэтаксама надзейна муры захоўваюць ледзяны холад.

Блышыны рынак на Porte de Clignancourt – вялікі, як горад, і напоўнены падманлівым чужым цяплом, быццам у ім жывуць цені.

Ці ня тут Максім Танк напісаў некалі свой ня самы ўдалы верш “Лёс”.

На парыскім на Блышыным рынку / Раз мяне паклікала катрынка. / Папугай з далёкага Самоса / Падарыў канвэрт мне з маім лёсам. / Я раскрыў канвэрт, пісьмо чытаю / Што ж мяне наперадзе чакае? / А чакаюць мяне дні трывогі, / Новыя краіны і дарогі, / Новыя сябры, сустрэчы, страты / I ў бурлівым моры вал дзявяты… / Што ж, я ўдзячны, дружа выпадковы, / За мой лёс і шчодры і суровы, / Лёс, якому пазайздросьціць кожны / На шляхах жыцьцёвых падарожны.

Мы з табой катрынак ня чулі і ніякіх асаблівых папугаяў тут не заўважылі – пэўне, вымерлі, нягледзячы на пацяпленьне клімату. А можа, і не было ніякіх папугаяў, пагатоў “з далёкага Самоса”. Мала таго, што Танк тут блытае Самоа, грэцкі Самас і нікарагуанскага дыктатара Самосу – ён яшчэ і бессаромна гуляе на тым, што большасьць ягоных чытачоў нікуды далей за Берасьце выехаць ня могуць. Але што такое блышыны рынак – разумеюць добра. Барахолка на Porte de Clignancourt нагадвае ўсе іншыя блышыныя рынкі сьвету. Прадаўцы мерзнуць, турысты прыцэньваюцца, твар у тавар, тавар у твар, і твар адбіваецца ў тавары: ствараецца ўражаньне, што тут усе знаёмыя і ўсе рупліва робяць адну справу, але гэта ня так. Блышыны рынак – месца для людзей, якім няма чым заняцца. Тут прадаюць час – і знайсьці пад ягонымі заваламі нешта сваё і ёсьць сэнсам блуканьняў. Я люблю блышыныя рынкі і не люблю іх пагардлівых прадаўцоў. Іх агрубелыя рукі даўно перасталі адчуваць цяпло рэчаў. Яны – фальшывыя мёртвыя, якіх падымае зь нябыту толькі слова “Колькі?”

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3