Жанчына ў белай сукенцы дзелавіта закрыла вушы, зморшчылася, і зброя ў руках Джэка Патрашыцеля загаварыла.
Татататата. Мамамама. Яяяяя.
Умомант па ўсім кабінэце Галіны Вітольдаўны былі расстаўленыя чорныя кропкі – выразна артыкулюючы ўсе гукі, зброя тлумачыла, што працоўны дзень у Замку на сёньня скончаны. Паляцеў на падлогу прабіты ў некалькіх месцах партрэт галоўнага дзяржаўнага мужа, разьляцеўся на дробныя аскепкі кубак з гарбатай, пакрыліся высыпкай, як ад скураной хваробы, белыя сьцены, і нават шкляны замак у руцэ Галіны Вітольдаўны ў нейкае імгненьне рассыпаўся на прыгожыя шкельцы. Галіна Вітольдаўна ўзвыла і памерла. А калі ўваскрэсла, дзьве мярзотныя маладзіцы стаялі каля яе і ветліва крычалі проста ў твар, курчачы страшныя пысы: «Вы ня ведаеце часам, дзе ключы? Ключы ад ніжніх памяшканьняў? Мы нідзе ня можам знайсьці! Галіна Вітольдаўна! Галіна Вітольдаўна! Спадарыня дырэктар! З вамі ўсё нармальна? У вас тут такі парадак! І замак – абалдзець проста! Вы ж любіце мастацтва? Праўда? Нам толькі ключы! А патом чайку вып’ем!»
Дырэктарка нейкім цудам узяла сябе ў рукі, заплюшчыла вочы і кіўнула.
«Ну вось і добра, – дзеўкі адразу ж скончылі гэтую псыхічную атаку і засьмяяліся адна адной. – Давайце іх сюды!»
На імгненьне стала ціха.
«Яны ня тут, гэта ў іншым кабінэце, – сказала зь дзіўнай палёгкай Галіна Вітольдаўна. На яе яшчэ ніколі так не крычалі жанчыны. – Я аддам, аддам, я ўсё аддам…»
Яна павяла іх па цёмным пустым калідоры да сходаў.
«Босая, а калі яна хлусіць? – спытала напаўголасу хударлявая ў той, што ў белым. – А калі ў яе няма ніякіх ключоў?»
«Што ты як не мастак, – сказала Босая, прапускаючы Галіну Вітольдаўну наперад. – Калі ключоў няма, іх заўжды можна прыдумаць! Галіна Вітольдаўна, вы куды?»
Але Галіна Вітольдаўна ўжо шмыгнула ў ратавальную нішу пад лесьвіцай і пакацілася ўніз па зусім іншых прыступках – хутка-хутка.
«Ого, – уздыхнула Джэк Патрашыцель. – Не дагнаць».
«Тое, што Галіна Вітольдаўна нас пакінула, яшчэ ня значыць, што ключоў не існуе, – сказала Босая і хмыкнула. – Нават не разьвіталася, а яшчэ начальніца… Сьмелая баба, мне спадабалася. Дарэчы, вунь яна дзе».
І Босая паказала ў акно на ўнутраны двор, па якім, з апаскаю азіраючыся, кралася да яшчэ не зачыненай брамы няшчасная дырэктарка.
«А можа, у расход яе? – Джэк Патрашыцель злавіла дырэктарку ў прыцэл, патрымала ў ім, патрэсла, пакаштавала на вока. – У ножку ці ў дупу? Ці ў цемечка?»
«Не, ня трэба, – Босая паклала руку на ствол. – Хай жыве. І хай нясе сьветлую вестку людзям і жанчынам, усім малым і вялікім істотам, у гарады і весі…»
7. Iх больш, чым мы думаем
Як жа так магло стацца, што сярод белага дня ў дэмакратычнай краіне пад жаночым назовам «Рэспубліка Беларусь», у краіне з даведкай пра тое, што яна знаходзіцца ў самым цэнтры Эўропы, у краіне, якой кіравалі мудрыя і магутныя дзяржаўныя мужы, адрэстаўраваны на дзяржаўныя грошы княскі замак зь велікапышнымі высокімі мурамі і неблагой крамаю сувэніраў, замак, які з гордасьцю паказвалі турыстам з усяго сьвету, раптам апынуўся ў руках банды тэрарыстак, кучкі няўрымсьлівых бабаў без цара ў галаве?
Магчыма, рэч у тым, што ў замак пускалі ўсіх без выключэньня. Сто тысяч білет, школьнікам – зьніжка. На аўтобусе: трыста тысяч плюс чаявыя экскурсаводу. Калі б для наведаньня замку былі ўведзеныя строгія правілы і на браме стаяў бы мэталадэтэктар, ці хаця б дэтэктар хлусьні, такога безабразія ніколі б ня здарылася. Магчыма, праблема палягала ў недастатковай пільнасьці экскурсаводкі – яна магла б зьвярнуць увагу на тое, што некаторыя экскурсанткі паводзяцца нетыпова для беларускіх жанчын: маюць занадта цьвёрдыя сьпіны, трымаюцца асобна ад калектыву, гавораць мала, фарбуюцца з выклікам і надзяваюць белыя, занадта белыя сукенкі. Магчыма, жанчынам наогул трэба было б забараніць наведваньне замкаў. Забараніць, баронячы іх ад Гісторыі, ад якой яны вельмі часта цярпелі, а калі не цярпелі і ўмешваліся, дык карысьці ад іх не было ніякай, толькі інтрыгі, падман, атрута і цёмныя закуткі. Без жанчын Гісторыя, вялікая Гісторыя, была б раўнейшай, велічнейшай і прастакутнейшай.
Але так ці інакш, замак, здалёк падобны да галавы індзейца з адкрытым ротам, стаўся лёгкай здабычай бандытак. Рот закрыўся. За апушчанай замкавай брамай уладкавалася на раскладным крэсьле вартавая з Фалічным Сымбалем на каленях. Такія самыя маладзіцы сталі на вежах і мурах, жанчыны ў летніх сукенках і лёгкіх спадніцах, якія варушыў вецер, у джынсах і нават у спэцадзеньні – бо сярод удзельніц банды Босай былі і супрацоўніцы палацава-замкавага комплексу.
І гэта таксама было правінай адміністрацыі і новай дырэктаркі. Даўно варта было зьвярнуць увагу на тое, што за апошні год у Замак уладкавалася адразу некалькі маладых жанчын, выпускніц беларускіх вузаў, якія такім чынам знайшлі сабе працу па разьмеркаваньні. Некалькі гадоў адрэстаўраваны замак стаяў сабе, мёртвы і непахісны, служачы пляцоўкай для розных банкетаў і тэлевізійных баляў, і тут раптам працаваць сюды ўладкаваліся маладыя кабеты, якім бы замуж і ў радзільню, а не ў халодныя замкавыя залі, што пахнуць сьвежым тынкам і застарэлым тубэркулёзам. Гэта былі дзяўчаты з дыплёмамі бібліятэкараў, гісторыкаў, філёлягаў, настаўніц нікому не патрэбнай мовы і не прыдатных ні да чога культуролягаў, якія заўжды жывуць заўтра, і таму сёньня карысьці ад іх ніякай. Іх было ўсяго дзесяць-пятнаццаць – але гэтай колькасьці хапала, каб утрымліваць у замку ўладу.
Зрэшты, зь імі нашай групе блізка пазнаёміцца не давялося – як і зь іншымі экскурсантамі і тым абслуговым пэрсаналам, што заставаўся ў замку на момант захопу. Нас вартавалі дзікія дзеўкі Босай: насьмешлівая і непрыгожая Аленькі Цьвяточак, кітаец (а насамрэч тыбэтка) Царонг, тоўстая Нямона Ліза і хударлявая, як манэкеншчыца, дзяўчына з кабыліным тварам, якую ўсе называлі Джэк Патрашыцель. Занадта даўгія мянушкі – і было нешта вычварэнскае ў тым, што яны з задавальненьнем вымаўлялі гэтыя мянушкі да канца, не скарачаючы іх і не абсякаючы. Было ў гэтым нешта грунтоўнае – быццам тэрарысткі казалі такім чынам, што іхная ўлада ў замку надоўга. Што ж, давялося і нам звыкнуцца называць іх менавіта так.
Папіўшы абяцанай кавы і пад’еўшы канапак з замкавых прыпасаў, мужчынская палова нашай групы адразу ж пачала снаваць пляны вызваленьня. Жаночая частка пазірала на нас з надзеяй, якая вельмі хутка саступіла месца расчараваньню, і гэтае жаночае расчараваньне дратавала нас яшчэ мацней за нечаканы палон. Чалавек у акулярах прапанаваў абвясьціць галадоўку – і тады, патлумачыў ён, ніякае жаночае сэрца ня вытрымае: калі тэрарысткі пабачаць натоўп згаладнелых мужыкоў, яны пераменяць мячы на апалонікі і накормяць нас баршчом, а калі баба гатуе боршч, яна імгненна ўспамінае сваё месца. «На каленях прыпаўзуць», – упэўнена казаў ён, і ў вачах ягоных былі толькі белыя калготкі, з чорнымі плямамі на каленях ад гэтага пакорлівага поўзаньня па падлозе, прывіды белых калготак, якія так пужаюць і так вабяць нас усё нашае жыцьцё.
Ніхто не паставіўся сур’ёзна да апэрацыі «Боршч», нават чалавек са значком. Той вырашыў, што разумней за ўсё будзе абмяняць нас на палітвязьняў.
«Какие ещё политвязни? – грымнуў кулаком па стале адстаўнік. – Хватит пиздеть. Я знаю, что делать».
«Дак скажите нам, батя!» – кінуўся да яго муж ціхмянай жанчыны.
«Подумать надо, – глуха сказаў адстаўнік. – Так быстро дела не делаются. Тут главное, чтобы без жертв. Чтоб не пострадали дети, старики и женщины. Это в нашей работе главное».
Ніякіх дзяцей сярод нас, на шчасьце, не было. Дзеці бегалі ўнізе, па замкавым двары, і з нашай прасторнай залі было чуваць, як яны прыдумляюць сабе гульні: дзяўчаткі гулялі ў клясыкі проста на бруку, і вось ужо адна падвярнула сабе нагу, і на ўвесь двор чуўся пранізьлівы крык.