«Сердце кровью обливается, – сказала Жанчына ў Зялёным. – Пусть бы лучше нас мучали, но детей-то зачем?»
Хлопчыкі ўнізе гойсалі вакол вартавой. Ці дала яна ім дакрануцца да Фалічнага Сымбаля? Да таго, што марыць мець кожны хлопчык – каб забіваць ворагаў, прыдуманых для яго дарослымі.
Бляндынчык, які чапляўся да Босай, адчуваў сябе самым абазнаным ва ўсім, што тычыцца тэрарыстак – як-ніяк, ён быў знаёмы з галоўнай бандыткай лепш за ўсіх, гаварыў зь ёй, дакранаўся і – мы ўсе яму чамусьці паверылі – ведаў жаночую псыхалёгію. Плян бляндынчыка быў наступны: ён паспрабуе спакусіць Аленькага Цьвяточка. «Это нетрудно, – пераконваў ён, пагардліва крывячыся. – Пусть только зайдет». Быццам пачуўшы, Аленькі Цьвяточак увайшла ў пакой і абвясьціла, што мы можам па адным схадзіць у прыбіральню, што была проста за дзьвярыма.
«Всё продумали, – прабурчаў адстаўнік. – План, я смотрю, не здесь разработан. Бабы сами не додумались бы…»
«Я первый, если вы не против», – бляндынчык, ухмыляючыся, нясьпешна выйшаў. А вярнуўшыся, абвясьціў, што ўсе яны лесьбіянкі ванючыя. Асабліва Босая.
«Я б ее научил искусству любви, – сказаў ён, разглядваючы сваё адлюстраваньне ў шкляным кубе, у сярэдзіне якога ляжалі кнігі. – Бля буду, я ее научу!»
І ў вачах ягоных зьявіліся сьлёзы.
Немцу, здавалася, усё гэта прыносіла неверагоднае задавальненьне. «Пиф-паф, – паўтараў ён раз-пораз са сьмехам, наставіўшы на нас палец. – Эти девушки нас всех пиф-паф! Эй, Шпэцль, ты будешь первый. И никто не узнайт, где могилька твоя… Я напишу твоей женщине в Грац. Даю слово».
Закаціўшы вочы і пагойдваючыся, Шпэцль сядзеў у куце на крэсьле. Ад яго ўжо даўно не было чуваць ані слова.
«Это и ест твой плян, гер Шпэцль? – весяліўся Кунцэ. – Сидит бичок, качается. Пока настоящие мужчины думать про спасенье. Австрия никогда не умел воевать!»
І Кунцэ паказаў нам на адсутную, безуважную постаць Шпэцля і зарагатаў.
Надышла і мая чарга наведаць прыбіральню. Я ішоў апошні. Аленькі Цьвяточак засталася на калідоры, паглядзеўшы на мяне безь ніякай цікаўнасьці. Фалічны Сымбаль цьмяна пабліскваў у руках гэтай жанчыны зь цяжкімі сківіцамі і вялікімі вушамі. Я чамусьці кіўнуў ёй і зайшоў. Уцячы з прыбіральні не было ніякай магчымасьці – там не было ні вокнаў, ні іншых дзьвярэй. Проста маленькі пакойчык, туалет для пэрсаналу. Калі за мной зачыніліся дзьверы, я адчуў сябе замураваным у замкавай сьцяне. Я дастаў цыгарэту і закурыў. Дзіўна: нешта мне замінала курыць там, у вялікай залі з масіўным сталом, дзе некалі, напэўна, ляжалі дарагія парцалянавыя люлькі і попельніцы на паўсотні курцоў.