Аднак Ю. Пілсудскі, нягледзячы на сканцэнтраванасць у сваіх руках ваеннага патэнцыялу Польшчы, не з’яўляўся самай уплывовай асобай ва ўнутранай палітыцы. Тут верхаводзіў Р. Дмоўскі. Абапіраючыся на насельніцтва этнічных польскіх зямель, якому федэрацыйная ідэя была не зусім зразумелая, непатрэбная і чужая, прыхільнікі ўнітарнай дзяржавы бачылі ў яе складзе толькі тую мясцовасць на ўсходзе, дзе дамінавала польская культура. Вільня і Львоў лічыліся адназначна польскімі. А вось ужо Мінск такім не з’яўляўся, затое землі на захад ад яго таксама павінны былі ўвайсці ў Польскую Рэспубліку. І гэта не звяртаючы ўвагі на тое, што на прасторах ад Мінска да Вільні, Беластока і Брэста пераважала беларускае этнічнае насельніцтва і лічба палякаў не перавышала 10 %. Назвацца палякамі маглі спаланізаваныя беларусы, якія, па-першае, вызнавалі каталіцызм, а па-другое, былі шляхецкага паходжання (сярод гэтай катэгорыі грамадства існавала тэндэнцыя лічыць сябе палякамі, прадстаўнікамі нібыта вышэйшай культуры; ускосным аргументам з’яўляецца тое, што шляхты ў Беларусі было прыкладна столькі ж, колькі і польскай / спаланізаванай часткі насельніцтва – 10–15 %).
Які з двух праектаў дзяржаўнага будаўніцтва рэалізоўваецца польскім бокам, доўгі час было не зразумела. Адразу пасля абвяшчэння незалежнасці і паралельна з зыходам нямецкіх акупацыйных войскаў з пачатку 1919 г. польскія легіёны рушылі на ўсход – як на свае тэрыторыі. З іншага боку, таксама лічачы гэтыя абшары сваімі, насоўвалася Чырвоная Армія. Яна дзейнічала з апераджэннем, але не ўяўляла магутнай сілы, бо тым часам у Расіі ва ўсю шугала полымя грамадзянскай вайны. Неўзабаве польскія легіёны сутыкнуліся ў баях з Чырвонай Арміяй. Так распачалася польска-савецкая вайна.
Бальшавікі яшчэ Дэкрэтам Савета Народных Камісараў ад 29 жніўня 1918 г. заявілі аб адмове ад пагадненняў былой Расійскай імперыі з Прусіяй і Аўстрыяй аб падзеле Рэчы Паспалітай. Гэтае рашэнне, здавалася, павінна было абнадзеіць польскае кіраўніцтва. Аднак на практыцы ўсё аказалася інакш.
1 студзеня 1919 г. з падачы Крамля была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, у лютым перафарматаваная ў Літоўска-Беларускую ССР. Мэту яе паяўлення разглядзець даволі проста – заявіць пра няпольскасць спрэчнай беларускай тэрыторыі. З гэтым, аднак, польскі ўрад не палічыўся і распачаў вайну на ўсходзе.
Можна выдзяліць тры фазы актыўных дзеянняў савецка-польскай вайны на тэрыторыі Беларусі:
• 1-я: наступленне палякаў (зіма – лета 1919 г.);
• 2-я: наступленне бальшавікоў (май – ліпень 1920 г.);
• 3-я: наступленне палякаў (другая палова жніўня – кастрычнік 1920 г.).
У выніку першай фазы вайны польскія войскі дайшлі да Бабруйска ўключна, наблізіўшыся да мары федэралістаў – мяжы Рэчы Паспалітай 1772 г. З бальшавікамі польскія палітыкі спадзяваліся знайсці паразуменне, бо «белы» рух прынцыпова не пагаджаўся з прэтэнзіямі Польшчы на тэрыторыю на ўсход ад Буга, г. зн. на беларускія землі. Антанта (з мэтаю дапамогі белагвардзейцам) патрабавала ад Польшчы зменшыць тэрытарыяльныя апетыты і прапанавала правесці мяжу, якая прыкладна адпавядала б этнічнаму польска-беларускаму падзелу і ў агульных рысах стала мяжою паміж Польшчай і Беларуссю пасля Другой сусветнай вайны (г. зв. «лінія Керзана»). Але гэтага патрабавання, як і савецкай прапановы правесці плебісцыт на Беларусі па пытанні дзяржаўнага ўладкавання, палякі не прынялі.
Другая фаза польска-савецкіх баёў на беларускіх землях пачалася з наступлення Чырвонай Арміі на чале з Міхаілам Тухачэўскім у другой палове мая 1920 г. Была выкарыстана перавага пасля перакідвання асноўных польскіх войскаў на Украіну, а савецкіх – з франтоў грамадзянскай вайны. Аднак упэўненае наступленне Чырвонай Арміі ажыццявілася толькі ў ліпені, калі фактычна за месяц яна пераадолела адлегласць ад Бабруйска да Варшавы.
Бальшавіцкае кіраўніцтва аспрэчыла ноту міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Керзана адысці на рэкамендаваную лінію, як і польскую прапанову правесці плебісцыт (ідэя апытання аб самавызначэнні народа ўзнікала ў кожнага з бакоў тады, калі яна была выгаднай для іх). Шэраг перамог у грамадзянскай вайне даваў падставы лічыць магчымым распаўсюджванне сацыялістычнай рэвалюцыі ў краінах Заходняй Еўропы. Польшча, якая ляжала на шляху, бачылася пераможанай. Як дэклараваў у загадзе М. Тухачэўскі:
«на Западе решаются судьбы мировой революции. Через труп белой Польши лежит путь к мировому пожару. На штыках понесем счастье и мир трудящемуся человечеству. На Запад!»
Тагачасныя лозунгі на штандарах частак Заходняга Фронту «На Варшаву!», «На Берлин!», клічы «Даешь Варшаву!», «Даешь Берлин!» з’яўляліся ў сціслым выглядзе праявай далёкіх і самаўпэўненых геапалітычных планаў У. Леніна і Л. Троцкага.
Аднак нечакана становішча перавярнулася на 180 градусаў – адбыўся, як любяць казаць палякі, «цуд на Вісле». Трэцяя фаза польска-савецкай вайны характарызуецца такім жа імклівым наступленнем легіёнаў Ю. Пілсудскага, якое праяўлялі напярэдадні войскі М. Тухачэўскага. Перадавыя сілы апошняга настолькі адарваліся ад тылоў, што калі ўзнікла неабходнасць задзейнічання рэзерву, падпіткі зброяй і боепрыпасамі, а таксама харчовага забеспячэння, Чырвоная Армія апынулася на мяжы катастрофы. Апошнім крокам да разгрому бальшавіцкіх войскаў стала ўдалая праца польскай разведкі, якая разгадала планы праціўніка. Да пералічанага варта дадаць і істотную дапамогу палякам з боку Англіі і Францыі (зброяй і ваеннымі інструктарамі).
Галоўным жа фактарам поспеху польскага боку стаў нацыянальна-патрыятычны ўздым, які спарадзіла наступленне бальшавікоў (тыя ж спадзяваліся на адваротны эфект – на бвастрэнне класавай варожасці і дапамогу польскіх пралетарыяў і сялян справе сусветнай рэвалюцыі). Гэтым разам палякі далёка не пайшлі – толькі да Мінска. Але і гэта стала ганебнай плямай для ўсёй бальшавіцкай прапаганды.
Некаторым лідарам тое паражэнне стрэмкаю засела на дзесяцігоддзі. Сталін таксама прымаў дзейсны ўдзел у кіраванні той праваленай кампаніяй, таму існаванне Польшчы яму муляла да самага верасня 1939 г. Дарэчы, савецкая прапаганда выстаўляла вайну супраць Польшчы як у цэлым выйграную, прызнаючы, аднак, пры гэтым такую загану, як адрыў часткі беларускага і ўкраінскага народаў (што стала адразу выдатным прэтэкстам для ўзнікнення неабходнасці іх аб’яднання – палітыкі, якая прывяла да падзей 1939 г.)
Між тым ва ўсходняй палітыцы польскага ўрада праяўлялася яўная перавага ўнітарнай канцэпцыі пабудовы дзяржавы. Федэрацыйная канцэпцыя Ю. Пілсудскага губляла моц не толькі з прычыны перавагі яе праціўнікаў, але і ў сілу сваёй канцэптуальнай састарэласці: погляды палкаводца былі звернуты ва ўчарашні дзень, што не давала яму шанцаў на іх рэалізацыю.
12 кастрычніка 1920 г. знясіленыя баямі бакі падпісалі прэлімінарны (папярэдні) мір. А 18 сакавіка 1921 г. у Рызе была заключана дамова, якая правяла савецка-польскую мяжу па этнічных землях Беларусі і Украіны. Калі гаварыць пра пераможцаў, дык у гэтым супрацьстаянні большы поспех атрымалі палякі. Прынамсі яны выстаялі. Гэта кардынальна разыходзілася з жаданнямі бальшавікоў.
У верасні 1920 г., пасля правалу наступлення на Варшаву, у палітычнай справаздачы ЦК ІХ Усерасійскай канферэнцыі РКП(б) Ленін прызнаўся не для друку («Я прошу записывать меньше: это не должно попасть в печать»), што наступам на захад яны імкнуліся дапамагчы саветызацыі Літвы і Польшчы: