Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Дрэва вечнасці стр 10.

Шрифт
Фон

Апусцелі кашары. Цішыня і пустка. Можа, дзесьці там, у глыбокіх далінах, адкуль пачынаюць расці горы, і лунаюць людскі смех ды галасы, але ў гэта верыцца мала. Тут, на паланіне, дзе неба накрывае бязлюдныя прасторы, што жывуць у самотнасці толькі дзеля сябе, вякуе адна цішыня.

Толькі ў стаі трашчыць нязгасны агонь і ўсё пасылае сіні свой дым у вандроўку. Здоенае малако важка спачывае ў драўлянай пасудзіне, над ім нахіліўся старшы аўчар. Ён ужо яго заправіў. З паліцы, дзе сохнуць вялікія круглыя боханы будзу, павявае на аўчара вецер, але не можа прагнаць са стаі паху вугалю, сыру і авечай воўны. Бо тым самым пахне і аўчар. Новыя дзежкі і даёнкі маўчаць у куце, аднак толькі пастукай па іх — і абзавецца голас. Халодная сыроватка свеціцца з конаўкі зялёным вокам. Аўчар сядзіць паміж свайго начыння, як бацька сярод дзяцей. Усё яно — чорныя лаўкі і сцены, вогнішча і дым, будз, дзежкі і сыроватка, — усё яно блізкае і роднае, да ўсяго дакранулася яго цёплая рука.

Малако ўжо гусне, але яшчэ яму не пара. Тады аўчар вымае з-за чэраса вязку драўляных калодак і пачынае чытаць. Там памечана ўсё, у той драўлянай кнізе, — хто колькі мае авечак і што каму належыць. Турбота зводзіць яму бровы, а ён упарта чытае: «Масійчук мае штырнаццаць авец, а яму належыць...»

За сценкаю стаі спузар выводзіць:

— Расспяваўся! — злуецца аўчар і нанава пералічвае паметкі.

даспеўвае спузар у сенях і ўваходзіць у стаю.

Закураны, чорны, згінаецца над агнём, і яго белыя зубы блішчаць. Патрэсквае ціха агонь.

Малако ў катле жоўкне і гусне. Аўчар схіліўся над ім засяроджаны, нават суровы. Расшпільвае паволі рукавы і па самы локаць засоўвае ў кацёл свае голыя валасатыя рукі. І так застывае над малаком...

Цяпер павінна быць ціха ў стаі, дзверы зачынены, і нават спузар не пасмее кінуць вокам на малако, пакуль там дзеецца штосьці, пакуль варожыць аўчар. Усё нібы застыла ў нямым чаканні, дзежкі затаілі ў сабе голас, прытаіліся будзы на паліцах, паснулі сном чорным сцены і лавы, агонь ледзьве дыхае, і нават дым сарамліва ўцякае ў акно. Толькі па лёгкім руху жыл на аўчаровых руках заўважаецца, што на дне пасудзіны адбываецца нешта. Рукі паволі ажываюць, то падымаюцца вышэй, то апускаюцца ніжэй, закругляюцца локці, рукі нешта боўтаюць, пхаюць і гладзяць там, усярэдзіне, і раптам з дна пасудзіны, з-пад малака, падымаецца круглае сырава цела, што нейкім цудам нарадзілася. Яно расце, паварочвае пляскатыя бакі, купаецца ў белай купелі, само белае і далікатнае, і калі старшы аўчар яго вымае, зялёныя родавыя воды звонка сцякаюць у пасудзіну...

Аўчар з палёгкай уздыхнуў. Цяпер і спузар можа глянуць. Слаўны нарадзіўся будз, аўчару на ўцеху і на спажытак людзям...

Адчыняюцца дзверы насцеж, вецер дзьме з застрэшша, агонь з радасцю ліжа чорны кацёл, у якім сыроватка спявае каламыйкі, і праз дым і агонь блішчаць у спузара зубы...

А калі сонца заходзіць, старшы аўчар выносіць са стаі трамбіту і трубіць пераможна на ўсе пустынныя горы, што дзень скончыўся мірам, што будз яму ўдаўся, кулеша гатова і даёнкі чакаюць новага малака...

За сваё летаванне на паланіне зазнаў Іван нямала прыгод. Раз ён пабачыў дзіўную карціну. Меўся ўжо гнаць авечак дахаты, як незнарок азірнуўся на блізкую вяршыню. Туман знізіўся і ўхутаў лес, што стаў лёгкі і сівы, як прывід. Толькі палянка зазелянела пад ім ды чарнела адзінокая яліна. І вось тая яліна задыміла і пачала расці. Расце ды расце — і вось выйшаў з яе нейкі чалавек. Стаў на палянцы, белы, высокі, і гукнуў сабе за спіну ў лес. І зараз жа выйшлі з лесу алені, адзін за адным, а ў кожнага, што выйдзе, новага — рогі яшчэ прыгажэйшыя ды весялейшыя. Гуртамі выбеглі сарны, патрымцелі на тоненькіх ножках дый пачалі шчыпаць траву. А як рассыплюцца сарны, тады мядзведзь іх заверне, як авечак аўчарка. А той бялёсы пасе — яшчэ і пакрыквае на скаціну. Тут раптам узняўся вецер, і статак як пырхнуў, так і прапаў. Не раўнуючы як бы хто хукнуў на шкло: яно запацее, а пасля знікне ўсё, нібыта нічога і не было. Ён паказваў іншым, але тыя дзівіліся: «Дзе? Адзін туман толькі».

За два тыдні «вялікі» — так аўчары пошапкам называлі мядзведзя — задраў яшчэ пяць кароў.

Часта туман заставаў авечак на паланіне. У густым змроку, белым, як малако, усё знікала: неба, горы, лясы, пастухі.

— Гэ-эй! — гукаў Іван перад сабой.

— Гэ-эй! — адгукалася глуха на яго вокліч, як з-пад вады, а адкуль, дзе быў той, хто адгукваўся, — невядома. Авечкі сівым туманам каціліся перад нагамі, а далей знікалі і яны.

Іван ішоў бездапаможны, выставіўшы рукі перад сабою, нібы баяўся на штосьці наткнуцца, і клікаў:

— Гэй!..

— Дзе ты? — адгукалася ўжо ззаду, і Іван мусіў спыняцца. Стаяў безабаронны, згублены ў ліпкім тумане, і калі прыкладаў да вуснаў трамбіту, каб абазвацца, другі канец трамбіты расплываўся ў змроку, а здушаны голас яе, тут жа на месцы, падаў яму пад ногі. Так яны згубілі некалькі авечак.

«Вуйка» задраў яшчэ дзве каровы, але гэта было перад канцом: дабіраўся ўночы да стаі ды ўзнізаўся на кол. Цяпер яго шкура сушыцца на калках і на яе брэшуць сабакі.

Часам хвастаў па паланіне лівень. Святы Ілья ваяваў з «тымі» — ліха на іх! Так бліскаў мячом і так грукаў са стрэльбы — Божа святы! — што трашчала неба ды падала на горы, а хай толькі трэсне, то штосьці чорнае за кожным разам заўецца туды-сюды дый шусне пад камень... Ён, нячысцік, — каб ты прапаў! — здзекуецца з Бога, падстаўляе свой азадак, а аўчару бяда: страху нябярэшся, яшчэ і вымакнеш да ніткі...

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке