— Ніколі я не думала пра гэта. Але не хачу саступаць. Хачу для яго быць… Абняў ён мяне аднойчы, выпадкова, проста так…
— Глядзі, дзеўка, — сказала пажылая, — так вось наша сястра і гіне.
— А я і рада б загінуць, ды ён, як вецер…
Міхал ціха паўтарыў яе апошнія словы… І тут было няладнае каханне. Ды што да гэтага яму?
"Вось цякуць кроплі, - думаў ён. — І я такая самая кропля. Яны, зліваючыся, утвараюць крыніцу, раку, мора. Ім усё адно, з кім зліцца. Але мне патрэбна толькі тая кропля, адзіная, з якой мы разам нарадзіліся ў зямной глыбіні.
Галасы сціхлі — можа, таму, што вецер налятаў парывамі, хапаў, нёс, кідаў у розныя бакі завесы дажджу. Рабілася халаднавата.
А тады, паўтара месяца назад, быў такі цёплы летні дзень! І Кіеў са сваімі будынкамі, каланадамі, залатымі купаламі, здавалася, плыў кудысьці насустрач поўным, як вымя, аблокам, насустрач сонцу і цеплыні.
Каштаны разгарнулі зялёныя ветразі. На ўскраінах горада сходкі вялі ад хаты да хаты, варыўся на цаглінах абед, надуваліся ветрам, як рыбацкі сак, кашулі на вяроўках, чулася паўдзённая бойкая гаворка.
І вецер гнаў і гнаў вулкамі таполевы пух, высцілаў ім, як сівай коўдраю, зямлю. Хлапчукі кідалі ў пух запалку, і ён выбухаў, як порах, на метр у кожны бок. І адразу, за хвіліну, гэта месца зацягвалася зноў сівой покрыўкай.
Ён быў у Кіеве на экскурсіі і выпадкова забрыў у лаўру, дзе грэцкі арэшнік гладзіў твары прахожых лапчастым лісцем. У зеляніне стаяў старажытны, маленькі, як лялька, храм Спаса на Берастове. Міхал паглядзеў на яго паласатыя сцены (вузенькія, на два пальцы цагліны і слой цамянкі шырынёю ў далонь) і зайшоў у сярэдзіну, спусціўся ўніз па прыступках. Храм не вытрымаў цяжару год і, як Святагор, улез па калені ў зямлю.
У сярэдзіне храма было пуста і халаднавата, бы ў склепе. А праз акенцы віднелася гарачая, напоеная сонцам лістота. Там быў поўдзень, спякота, лянівыя крыкі пеўняў…
Было так ціха, што не хацелася ісці, і Міхал стаяў каля вельмі непрыгожага надмагільніка Юрыя Даўгарукага і думаў, што князю не пашанцавала. І помнік няважны, а тут яшчэ і саркафаг зрабілі такі, што толькі пужаць дзяцей.
— Вось дзядзька са скрынкі ўстане — ён табе!..
Ох, лепей бы не Юрый заснаваў Маскву, а хто-небудзь іншы! Тады не ставілі б гэтага надмагільнага саркафага.
Усе няшчасці для Міхала пачаліся з яго.
Таму што непадалёк стаялі тры хлопцы і дзяўчына. У дзяўчыны былі моцныя, як у хлопца, ногі, а рухі такія, быццам яна гуляла ў лапту: рэзкія, спрытныя, гожыя. І галава пасаджана на шыі так, што валасы заўсёды адкінуты назад. Тварык шчыры, жважы, як у дзіцяці, і вельмі разумны. А вочы, ох, якія вочы!
Міхала толькі здзівіла, што хлопцы яе нейкія цельпукаватыя, з чорнымі, нячышчанымі пазногцямі. І глядзяць яны на яе без усялякай пачцівасці і папросту клічуць Мар'яшай.
А сам ён толькі зірнуў і адчуў, што прапаў.
Мар'яна між тым злёгку штурхнула аднаго з хлапцоў далонню ў лоб.
— Лёвачка, Лёвачка, гэта ж трэба такі кабак на плячах мець? Шукаць трэба было.
— Ну а каб нават і адшукалі касцяк, што тады? — апраўдваўся ён. — Як даведаліся б?
— А як Яраслава пазналі? — спытала замест адказу яна.