— "Яраслаў бысць хром", — прабасіў другі юнак, у акулярах.
— Ды яшчэ па белай пляме на чэрапе, — жвава падхапіла яна. — След мяча. Неяк і гэтага пазналі б.
І тут Міхал не вытрымаў. Страшна было нават падумаць, што дзяўчына знікне некуды — і канец. Таму ён падышоў і глухім, бы ў бочку, ненатуральным голасам спытаў:
— Прабачце, хіба дакладна невядома, дзе пахаваны князь?
— Ну так, так, — загарэлася яна. — А хіба вы не ведаеце?
У Міхала быў выгляд чалавека, які праглынуў лом.
— Не ведаю, — сказаў ён, — я толькі паляўніцтвазнавец.
— А мы археолагі, - усміхнулася яна, — зараз тут, з украінцамі разам, працуем.
— Цікавая ў вас праца, — шчыра сказаў Міхал.
— А ў вас?
— Таксама. Але ў вас яна асаблівая: скарбы шукаць, закінутыя гарады.
Усе пырснулі. Толькі яна надзвычай уважліва глядзела на яго:
— Гэта не так прыгожа. Вы што, ніколі не бачылі раскопак?
— Не. Але вельмі хацеў бы.
— Хлопцы, — рашуча сказала яна, — бяром яго з сабой. Хочаце з намі?
— Вельмі, - загарэўся ён.
— Тады едзем. На Борычавым Узвозе пракладалі траншэю і натрапілі на цікавыя рэчы. Нас там чакаюць.
— Горача, — заныў Лёвачка, — піва хачу. Паспеем.
— Леў Пятровіч, — яна заклала рукі за спіну, тонкія рукі з залацістым пушком каля локцяў, - я думаю, з вас ніколі не выйдзе акадэмік. І не толькі акадэмік, а нават чалавек. Наш знаёмы імкнецца павысіць свой узровень, а вы… Фу, якая негасціннасць!
І ўсе паехалі. Відаць, Мар'яна была добрым завадатарам.
У трамваі Міхал сядзеў поруч з ёю і расказаў, па яе патрабаванню, аб тым, хто ён такі, ці надоўга тут (на два дні) і як палююць на лісіцу ў нары (з факстэр'ерам).
А ветрык гуляў яе валасамі, лашчыў твары ўсіх, сваволіў у лістоце каштанаў, прыгаршчамі кідаў на рукі дязўчыны залатыя плямы.