Вясною палескія рэкі пачынаюць цячы назад, да вытокаў. Толькі адна Прыпяць з цяжкасцю гоніць да Дняпра талыя воды, заліваючы на дзесяткі кіламетраў палі і лясы.
Застаюцца толькі вёскі на выспах ды рэдкія барліны са стагамі сена ці шумлівым вяселлем. Часам — кірмаш на чаўнах, з'яднаных масткамі, плывучы кірмаш, што павольна набліжаецца да далёкага сяла.
Пахнуць добрым малаком каровы, коні баязліва касавурацца за борт фіялетавым, напружана-разумным вокам.
— Ну вас да д'ябла. Яшчэ патонеш тут з вамі.
Адзін такі кірмаш, па-палеску стрыманы, жартаўлівы і трохі п'яны, спазняўся з прыбыццём у сяло на цэлыя два дні.
Бяда была ў тым, што па дарозе, у вёсцы Разбіты Рог, старшы загуляў і зманіў з сабою на бераг усіх мужчын, усіх стырнавых.
Бабы паспрабавалі плысці далей адны, але мужыкі, раззлаваўшыся, дагналі іх і зноў паставілі ўвесь кірмаш — сто пяць чаўноў — на прыкол да сыпучай выспы, на якой стаяла вёска.
— Падумаеш, вельмі ім трэба спяшацца. На вялікдзень яны, бачыце, у Карпілавічы не паспеюць. А нам і тут добра.
Бабы хацелі былі пратэставаць, але з чаўноў узнялі такую катавасію, што яны толькі плюнулі.
— Няма на вас, нячысцікаў, управы.
— А што ўправа? Можа на тое, каб вы фарбаванкі свянцілі?
Цяпер мужыкі і самі разумелі, што ўчынілі дрэннае, але гонар перашкаджаў ім прызнацца ў гэтым. І таму яны, даволі пахмурныя, налягалі на шасты і вёслы, спяшаліся, хоць усім было зразумела: спазніліся.
Усе былі не ў гуморы: мужчыны — з пахмелу, жанчыны — ад крыўды. Толькі адной дзяўчыне — а было ёй год васемнаццаць — усё было хоць бы што. Яна сядзела на носе аднаго з пярэдніх чаўноў і ўсміхалася такой светлай усмешкай, што і сляпы ўсміхнуўся б ёй у адказ.
Празрыстыя славянскія вочы, — быццам майскае неба ў ранішнім тумане, — тупы носік, румяны рот з мяккімі ямачкамі ў куточках вуснаў. І лепей за ўсё была каса. Таўшчынёю з руку, залацістая, як сухі ліст каштана.
Хустку дзяўчына скінула і разаслала на каленях, бо сонца ў гэты дзень нечакана прыгрэла, і па вадзе скакалі залатыя іскры, ад якіх моршчыўся нос і хацелася чхаць.
З-пад хусткі была відаць клятчастая спадніца, пад ёю другая — белая. І ўсё на гэтым дзеўчаняці ляжала так ладна. І так забаўна жмурыліся ад сонца і ленай млявасці яе вочы, што кожны сказаў бы:
— Вось каму жыць добра.
А жыць было на самай справе добра! Наперадзе далёкая дарога сярод затопленых лясоў; верхавіны дрэў, што плаваюць у блакітнай смузе; дрымотныя крыкі пеўняў над вадою.
Куды было спяшацца? Наперадзе — жыццё. Аднаго не хапала: каб падышоў нехта ззаду, вялікі, цёплы, як сон, абняў за плечы і прынік шчакою да скроні.
Раней і думаць аб гэтым было страшна. І мужа яна ўяўляла сабе не іначай, як чужога хлопца, з якім трэба сядзець на покуце і, немаведама чаму, цалавацца.
А вакол зялёныя шклянкі і чырвоныя твары.
Але адышло насланнё, прыгрэлі промні, заказыталі ў носе. Захацелася скруціцца ў іх цеплыні, як котка.