Блакіт і золата дня - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч страница 2.

Шрифт
Фон

І каб нехта гладзіў.

Вясна ўсё ж прыйшла, першая і апошняя такая. А можа і не апошняя. А дарога па разводдзі, сена, што плыве поруч з вялікімі чаўнамі, вячэрнія песні дапамаглі вясне.

І ніхто, нават маці, не разумела, што здарылася за гэтыя дні дзіва: узышла на бацькоўскую байду калючы і рэзкі падлетак, а цяпер плыве дарослая дзяўчына, што ўсё зразумела нейкімі глыбінямі душы.

Быццам зямля.

Драмала яна пад расталай вадой, была вязкая і спакойная. І раптам, сагрэтая сонцам, стала мяккай і цёплай, разварушыла ў сабе парасткі і толькі таго і чакае, каб прайшоў нехта, са свістам шпурнуў з сявенькі васковыя зярняты, — і песня жаўрука прывітае яго прыход.

І цеплыня. І знямога. І крыкі пеўняў.

— Прыйдзі, сейбіт!

Нічога такога яна не магла б расказаць. Яна магла толькі ўсміхацца, склаўшы рукі на каленях.

Нават маці не зразумела б гэтага. Як поле, якое ўсё аддало, не можа зразумець поля, якое чакае.

Яна і не разумела, а толькі бурчала на жаўтавусага мужа, лічыла грошы ў хусцінцы, пераклікалася з суседкамі на другіх чаўнах. І, як заўсёды вядзецца ў вельмі занятых жанчын, першай прыкмячала, што трэба і што не трэба.

Яна першая заўважыла лёгкі доўблены човен, вельмі вялікі і вёрткі. Човен выслізнуў з гаю, што стаяў па пояс у вадзе, і лёгка стаў даганяць непаваротлівую флатылію.

На карме сядзеў чалавек у шэрай ваўчынай шапцы і спрытна арудаваў адным вяслом.

— Хто ж гэта такі? Наталька! Наталька! Ну, зірні сваімі вачыма...

Дзяўчына павярнулася і з усмешкай, што ўсё яшчэ гуляла на яе вуснах, нездаволена сказала:

— Юрка з Выселкаў вяслуе.

І зноў адвярнулася. Таму што гэты Юрка зусім ёй не падабаўся. Увесь нейкі тугі, як спружына, вочы гарэзлівыя. І заўсёды скаромныя жарты на языку. І заўжды на бойку лезе. Без дай прычыны, проста так: пабачыць, што дзве кампаніі б'юцца, абярэ тую, у якой аднаго чалавека не хапае, — і давай.

Ды і не гэта ў ім самае дрэннае. Вочы ў яго трывогу наводзяць. Няладныя яны, не такія, як у астатніх.

Гэтай зімой ён паспрабаваў быў у сенцах абняць яе. Ёй было смешна, што ў яго дрыжаць рукі, што ён так няроўна дыхае.

І ўсё ж яна ўзвілася на дыбкі, як неаб'езджаны конь.

Людзі ў хаце чулі толькі, як грымнулі вёдры і ўпаў каромысел.

Калі яна ўвайшла ў хату, дзе сустрэлі яе песні скрыпкі, пералівы гармоніка і ўздыхі бубна, нехта спытаў яе:

— Што гэта там упала?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора