Маленькая балерына - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч страница 5.

Шрифт
Фон

Я скора вярнуся, любая… Не плач…

Яна нічога не чула. Яна спала.

…Антон паехаў у далёкую камандзіроўку. Але жыццё не змяніла сваёй плыні. Былі маленькія гароты, былі маленькія радасці. Радасцяў было больш.

А скора прыйшла і вялікая радасць. Нісоўскі аб'явіў ім, што за выключныя поспехі некаторыя з хлопцаў і дзяўчат атрымалі права ўдзельнічаць у канцэрце, што адбудзецца ў Крамлі… Гэта былі дзівосныя дні, усе гэтыя дні падрыхтоўкі: мітусяніна, бязладныя гукі музыкі ў розных канцах будынка і, нарэшце, зборы.

У машыне Ніна апынулася разам з Віцькам. Цемра машыны пахла пылам і парфумай, слізгала насустрач шумлівая вуліца, раўлі клаксоны сустрэчных машын. Але Віцька рабіўся больш і больш змрочны, назіраючы за вясёлым патокам людзей.

Як справа з Іванам Мікалаевічам? — спытала яна.

Віцька глянуў на яе твар і пабачыў на ім такі ззяючы, такі шчаслівы выраз, пабачыў такія даверлівыя вочы, што толькі глуха кашлянуў.

Адпусцілі, змрочна сказаў ён.

Вось бачыш, я ж казала табе.

"Маленькую" ўсе шкадавалі…

Канцэрт быў у Георгіеўскай зале, вялізнай, белай з золатам. Усе сцены залы былі ў прозвішчах: тут запісвалі імёны поўных георгіеўскіх кавалераў. Пэўна, тут было і прозвішча дзеда, каб толькі быў час адшукаць яго сярод тысяч іншых.

Але часу на гэта не было. Часу наогул нінавошта не было. Таму што трэба было выступаць. І Нісоўскі нерваваўся з таго, што ў кагосьці нешта не да ладу было ў гарнітуры, і яшчэ з таго, што ў гэтай чортавай зале дрэнны рэзананс, гукі глухнуць, набягаюць адзін на адзін, а дзяўчаты маладыя і могуць зблытацца.

Гледачоў было не вельмі многа, і "маленькая" амаль не хвалявалася, тым больш што выступала яна ў кардэбалеце, вяла танец Кавы са "Шчаўкунчыка". Весці, праўда, цяжка, але ўсё ж гэта толькі кардэбалет.

І раптам сэрца яе ўпала ад радасці і, адначасова, ад страшэннага жаху. З дзвярэй, што злева ад часовай сцэны, выйшаў Ён, тысячы разоў знаёмы па партрэтах і ўсё ж зусім не такі.

Ён ціха сеў на бліжэйшае крэсла і падрыхтаваўся слухаць.

Дзяўчаты, як пабачыла "маленькая", нічога не заўважылі. І гэта дапамагло ёй узяць сябе ў рукі, пераадолець дрыжанне ў каленях.

"Дзяўчаты не павінны заўважаць, падумала яна, іначай саб'юцца, будуць хвалявацца, усё атрымаецца горш".

Яна перахапіла позірк Нісоўскага, зразумела, што ён думае пра тое самае, і непрыкметна кіўнула яму галавой.

Першыя гукі ўступу, зманліва-салодкія, шчымяча-томныя, пралуналі пад скляпеннямі залы. І "маленькая", не спяшаючыся, ведаючы, што ў сябровак, як ва ўсіх, хто выступае першыя разы, стаіць перад вачыма ружовы туман і яны нічога не бачаць, павяла на сцэну гнуткі, карычневы з золатам ланцуг.

Сама яна, у адрозненне ад іх, бачыла ўсё. Яна магла быць вельмі разважлівай і валявой, гэтая маленькая балерына.

Яна ведала, што накладная смаляная каса будзе віцца так, як захоча гаспадыня, што яе танюткія, як сцяблінкі кветак, рукі зараз выгінаюцца ў знямозе і здаюцца сапраўднымі жаночымі рукамі, што шакаладныя з золатам шальвары не схаваюць рухаў яе ног.

І сапраўды, выдаваў яе хіба што толькі жывот, вузкая палоска якога бачная была пад шальварамі, зусім яшчэ дзяўчачы, худзенькі жывот.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора