Сіняя-сіняя... - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч страница 3.

Шрифт
Фон

«25 ліпеня 1880 года».

За яго спіною быў разбураны бордж, а яшчэ далей - плато, спрэс укрытае жвірам, галькай і абломкамі крэменю, самая бязлюдная і прапашчая частка пустыні. Нешта накшталт пляжа, калі можна ўявіць сабе пляж даўжынёю на сто вёрст. Людзям, якія прыйдуць сюды за імі, каб шукаць ваду і іхнія тленныя астанкі, не варта шукаць там.

Але наперадзе дзюны, дзюны, вялікая краіна дзюнаў, зрытая там-сям ярамі і вадзі, сухімі лагчынамі.

І ён запісаў:

«Людзі, калі вас толькі панясе сюды пекла, - толькі на поўдзень, толькі туды». Падумаў і закрэсліў. Людзям ягонага колеру скуры няма чаго рабіць на поўдні, у чужой краіне.

«25 ліпеня 1880 года. У цяні - 40, на сонцы, дзе мы, - 62. Тэмпература глебы - 24. Нас засталося двох. Са мной Джаміля, васьмігадовая дачка шэйха з Уед-Рыра. Вакол туарэгі. Пяць дзён таму назад яны напалі на Уед-Рыр і тры ночы гналі нас па пясках. Загінуў шэйх з сям'ёю і ўсе ўдзельнікі экспедыцыі. Загінулі ад дзід і смагі. Падзякуйце за гэта ўраду, які блытае навуку і вайну, які скупіцца на разведчыкаў і пасылае замест іх медыкаў, батанікаў і гідраінжынераў. Учора загінуў Брысак. Напэўна, не дажыву да раніцы. Малю як аб апошняй літасці: дзіця, мабыць, пагоняць у рабства, і, напэўна, на поўдзень. Выкупіце! Мая пенсія за год - у Гадамесе. Малю вас!.. Гэта апошні мой запіс».

Ён загарнуў кніжку ў брудную насоўку, прысыпаў пяском да самай сценкі, а на сценцы надрапаў вострым каменем крыж. Калі будуць аглядаць месца апошняй бітвы - здагадаюцца, мабыць, што раз крыж, то пад ім павінна быць нешта пахавана. Таргві не здагадаюцца: яны не хаваюць пад крыжам.

- Што ты робіш, адхаліб?

- Не звяртай увагі, - сказаў ён па-арабску. - І нікому не кажы пра гэта. Тут наш паратунак. Што б ні здарылася, тут наш паратунак.

- Амулет?

- Амулет.

Дзяўчынка глядзела на яго з-пад доўгіх загнутых веек вільготна і сумна, чорнымі дзівоснымі вачыма. І крыштальныя каралі блішчалі зусім як яе вочы. Толькі вочы былі чорныя.

«Тыповы берберскі твар, - падумаў Пятрок. - А калі ўжо казаць шчыра, самыя чыстыя берберы - таргві. Ці не дзіўна, што адны берберы рэжуць другіх?»

Ён успомніў, як яны адстрэльваліся і як маўклівы шэйх страшна закрычаў, калі адсеклі галаву нашчадку. Хлопчык упаў. Шаўковыя шаравары на дзіцячых ножках трапяталі на ветры, а ў пантофель з чырвонага саф'яну паступова наносіла пясок, бо пантофель зваліўся з ножкі.

Шэйха потым прабіла дзідай. Жонка ягоная несла дзяўчынку. Высокая жанчына ў доўгай чырвонай гандуры, яна прыкрыла Джамілю краем белага пакрывала, нібы вэлюм быў самай надзейнай абаронай. Магчыма, гэта было і так, бо ён, Пятрок, страляў, прыкрываючы іх, а калі азірнуўся - жанчына ляжала ніцма, і крыві не было відаць толькі таму, што гандура была чырвоная.

А вершнікі імчалі на драмадэрах, гайдаючыся, як дзівосныя птушкі. І дроцікі ляцелі роем, і жанчына была мёртвая, а дзяўчынка засталася.

Дзіўна, што адны берберы рэжуць другіх.

Урэшце, што дзіўнага? Хіба на ягонай радзіме не было таго самага? Брат паўставаў на брата, бацька - на сына. А што рабілі з мужыкамі? А што з паўстанцамі? А што з афіцэрамі, калі спаймаюць? Загінуў Мацкявічус, загінуў Пацябня, Кастуся Каліноўскага павесілі, Загорскі бадзяецца невядома дзе і, можа, загінуў, маёр Кавецкі расстраляў паўстанца Волгіна.

Паршывая зямля! Каты і рабы!

- У цябе дрэнныя думкі, адхаліб? - дзяўчынка смактала каралі.

- Сядай да муру, нямытыя вочкі, - страшным агрубелым голасам сказаў ён, - тут лапічак ценю.

- Чаму нямытыя?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке