— Што вы, гаспадар, замовы — рэч карысная. І я, калі буду адзін, яшчэ мацней прачытаю.
— Не дуры, кажу, — пераканальна сказаў бацька. — Ты проста ў пацуковыя дзіркі касталом-травы напхаеш.
— Якой травы? — разгубіўся чалавек.
— А той, што ў нас яшчэ сабачнікам завуць, кветкі такія ў яе… цёмна-барвяныя, а лісты як шэрым лямцам абцягнутыя. На засмечаных пустках ля дарог і па ўзгорках расце. Мяккая такая, пушыстая.
І тут пацукалоў часта залыпаў вачыма.
— Пашкадуйце мяне, не выдавайце беднага чалавека… Усе самі… пачнуць. Што я тады есці буду?!.
Бацька, які чула ставіўся да чалавечага гора, замахаў рукой:
— Што ты, Карней, вядома не скажу. Жыві сабе… Хіба я што…
Фарба з'явілася на твары пацукалова.
— Хай вас благаславіць бог.
Да гэтага не хапала яшчэ звароту "гаспадар".
А бацька пасля паказаў мне гэтую расліну з ланцэтападобнымі пушыстымі лісцямі і мяцельчатай верхавінай сцябла.
— Cinoglossum officinale. Я чуў і раней, што гэта моцны рацыфіцыд. А ты кажаш "таямніцы", "мармытанне". Эх ты!
Пацукалоў, аднак, з таго часу паглядаў на бацьку заўсёды са страхам.
Так ён і хадзіў па нашым ціхім гарадку: непрыкметны, непрыстасаваны да жыцця чалавечак, жорсткі вораг пацукоў, які, аднак, не мог бы пакрыўдзіць і мухі.
У маленькіх гарадках, напэўна, да другога прышэсця будуць вадзіцца плёткі. Адна такая плётка звязвала пацукалова з імем удавы Стучэўскай, што жыла наводшыбе, ля Старых Валоў, і з яе сынам, высокім, худзенькім юнаком.
Ці была тут праўда? Я думаю, не, хоць хлопчык меў, як казалі вулічныя "бабы багамерзкія", нейкае падабенства з Карнеем. Рэдка бывае так, каб з плётак атрымлівалася што-небудзь вартае. Гэты выпадак быў шчаслівым выключэннем. Балачкі баб ля студні дайшлі да вушэй клятчастага чалавека, і той стаў наглядаць на хлопца з пяшчотай, якая ўсё ўзрастала. Такія чуткі, што ні кажы, прыемная рэч для самотнага мужчыны, у якога не за гарамі старасць і якому прафесія прынесла незайздросную славу дзівака.
Хлопец якраз скончыў школу. Жыццё ў хаце ўдавы было не такое і лёгкае. Усе думалі, што Янку Стучэўскаму давядзецца працаваць. Але тут здарылася нечаканае: хлопец паступіў у інстытут, а пацукалоў пасяліўся ва ўдавы. Як выявілася пазней, пацукалоў некалькі дзён хадзіў паўз яе вялікую запушчаную хату з зарослым садам, пры сустрэчах намагаўся нешта сказаць і нарэшце з'явіўся да гаспадыні ўвечары і са звычайнай сваёй прыдуркавата-хітрай усмешкай сказаў:
— Прабачце мне за тое, што я скажу. Але, мне здаецца, хлопчык павінен вучыцца. У яго светлая галоўка. Вы ведаеце, ходзяць плёткі, у якія я, вядома, ні сном ні духам не вінен. Жанчыны — гэта глупства, прабачце. Але рота людзям не замажаш. І я неяк палюбіў хлопца. Няхай здае экзамены, мне хочацца, каб ён быў інжынерам… Стыпендыя ж, кажуць, невялікая, дык няхай ён вучыцца і клопату не мае. Вы пытаеце, чаму я так хачу? Эх, пані, у мяне не было дзяцей, трэба думаць, што і не будзе. А ў хлопца, бачыце, мае вочы… І нос таксама. Так усе кажуць. Мог бы ён быць і сапраўда маім. І потым, калі гавораць, дык няхай ужо гавораць недарэмна. У мяне ёсць такія-сякія грошы. Толькі я хітры. І мне гэта будзе зручна, бо калі вы дазволіце я пасялюся ў вашай садовай лазні.
Не ведаю, як ён угаварыў яе. Але ён сапраўды пасяліўся ў лазні, што схавалася ля яра ў бузіне і крушыне, а пасля, з восенню, перайшоў у дом. Жаночае сэрца схільна шкадаваць, іншым нават здаецца, што менавіта гэта галоўнае ў ім.
Яна прала на яго, карміла, цыравала яго шкарпэткі. Купіла нават аднойчы яму гарнітур, але ён паслаў яго хлопцу, "сыну", і з упартасцю вала хадзіў у тым самым клятчастым строі, на якім жывога месца не было ад лапікаў. Калі ў яго пыталіся, нашто ён, маючы грошы, так ходзіць, ён адмоўчваўся, але бацьку майму аднойчы сказаў:
— Не той цяпер час, як тады, калі я быў хлапчуком. Але я не хачу, каб Янка хоць на волас зазнаў таго, што зазнаў я. Мы жылі бедна, маці мая была таксама ўдава. Таму, напэўна, я і атрымаўся такі: сухі, кашчавы, п'янею ад першай чаркі. Таму я і стаў такі слабы і, што казаць, дурнаваты, няздатны ні на што. Мазгі ў мяне не працуюць як трэба. Самыя простыя рэчы я не разумею. А ў мяне ж ёсць сэрца, я таксама хачу быць чалавекам. Гэта, напэўна, вельмі добра — сядзець з жонкаю дзе-небудзь пад грушаю і піць чай… А ў нас, дзяцей, нават портак даўжэй, чым у каго на вёсцы, не было. Аднойчы маці са свае старой спадніцы зрабіла нам, чацвярым, порткі. Мне, малодшаму, яны атрымаліся вельмі вузенькія. Але ж затое сапраўдныя крамныя порткі! Быў вялікдзень. І вось пайшлі мы, дзеці, гуляць. Прыдумалі гульню: хто скокне цераз агароджу, таму фарбаванку. У нас і курэй не было, а скакаў я добра. Хочацца мне фарбаванку. Вось я разагнаўся і — цыб! Пераскочыў і з разгону аж прысеў. Глянуў на порткі, а яны на каленях луснулі і між нагамі луснулі, так што атрымалася двое портак, па адной калошыне на кожнай назе, — і ззаду луснулі.