Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Карней-мышыная смерць стр 3.

Шрифт
Фон

А зашываць няможна, свята. Так я і прасядзеў увесь вялікдзень у хаце ды горка плакаў. Не дай божа, калі дзецям чаго-небудзь не стае.

Ён зноў усміхнуўся прыдуркаватай усмешкаю:

— Так, атрымаў фарбаванку. Карычневая… Ад цыбульнага лушпіння.

Карней усе апошнія гады перад вайною працаваў, як пчала. Удзень — па хатах, увечары — з рыдлёўкаю ў садзе ўдавы. Ён абшаляваў дом і перакрыў яго новымі гонтамі, пабудаваў уласнымі рукамі веранду, зрабіў у гушчары альтанку і нават "упрыгожыў" яе слупкі вельмі непрыгожай разьбой. Разжыўся недзе саджанцамі добрых яблынь. І калі яго пыталі, нашто гэта, ён адказваў кожнаму адно:

— Тут ён можа спаць улетку… А тут чай піць… Ведаеце, маладому вельмі карысна піць чай, ды яшчэ калі вакол такі вольны дух… А белы наліў, думаеце, не карысны маладому? У-га!

У яго бедных мазгах шчасце атаясамлівалася менавіта з тым, каб сесці пад дрэвам і піць смачны чай. Ды яшчэ калі з варэннем — ого-го!

Гэта былі гады яго залатога шчасця. Карміўся ён добра, нават папаўнеў. Янка, прыязджаючы на канікулы, часта хадзіў з Карнеем у кіно (ісці ўтраіх пацукалоў не згаджаўся, і сын пасля ішоў у кіно з маткай). Мне асабліва падабалася, што юнак не саромеецца гэтага чалавека, што яны пасля кіно разам п'юць па куфлю піва і адукаваны хлопец пачціва слухае блытаныя фразы Карнея.

— Бач ты, як ён яго… закруціў. А той яму на бульбе, значыцца, паказваў, як яно там… ваююць… А гэты, значыцца, вельмі прасіўся. А што ты думаеш, кожнаму стварэнню жыць хочацца. Вось яно, значыцца, і так. Але…

Аднойчы я разрагатаўся, пачуўшы яго тлумачэнні, і тата ўпершыню ў жыцці даў мне па карку. Мне было ўжо дзесяць год, і гэта было вельмі крыўдна.

А бацька сказаў:

— Пабачу я, колькі ты на сваім шляху знойдзеш людзей накшталт гэтага прыдуркаватага Карнея, ёлуп хвашчоўскі!

Але я не зусім паверыў яму. Не толькі я лічыў, што гэта глупства. Сапраўды, якія вялікія пачуці маглі жыць у гэтых грудзях? Ніякія.

Вось на полюс ісці, у нетрах цэнтральнай Афрыкі гінуць у балотах, дзе архідэі і недзе далёка дзікуны б'юць у там-тамы — гэта так.

А тут… пацукоў выганяе чалавек.

Усе былі так упэўнены ў гэтым, што не здзівіліся, калі ён з'явіўся і пры немцах з той самай торбай і ў той самай вопратцы. "Сын" быў адрэзаны фронтам, удаву Карней адправіў кудысьці на вёску і застаўся ў доме адзін.

— Гэта мой дом, — пяшчотна казаў ён, пагладжваючы абсаду акна. — Бачыш, як я адгабляваў!.. І сад пачаў цвісці. Сын ужо інжынер, разумны хлопчык. Іх хутка прагоняць, а ў яго — дом. Прыедзе ён з жонкаю, будзе піць чай пад дрэвам. А калі я кіну дом — яго ж парасцягаюць… Якія ж гэта людзі, яны нічога не пабудавалі. І пацукоў усюды развялося… Хіба гэта гаспадары? Яны дрэнныя людзі, яны нічога не будуюць. А чалавека павінен быць, як пчала… Іначай, што ж застанецца дзецям?

Але хутка "дрэнныя людзі" пачалі і будаваць. Надта ўжо выгаднае, наводшыбе, месца было ля хаты Карнея. Тут табе густы сад, далей — яр, які падыходзіў да рэчкі і густа зарос дрэвамі і хмызняком. Поруч толькі адзін будынак, былы рыбны склад з каменнымі сутарэннямі.

Склад абгарадзілі, накруцілі шмат дроту. Пасля з'явілася ля самага саду Карнея незразумелая рэч, падобная на літару "П". Гаспадар установы, што пасяліўся ў Карнеевай хаце, быў пажылы, змучаны бяссонніцаю чалавек у акулярах, які сяк-так размаўляў па-руску. Прыязджалі сюды і другія, часцей за ўсё па начах.

Карнея выгналі. Ён суцяшаў сябе тым, што цяпер хаты ніхто ўжо не кране. Будзе стаяць цалюткая, як рэпка. Але ён кожны дзень хадзіў туды, пакуль яго не ўзяў нейкі падазроны вартавы. Афіцэр, даведаўшыся, у чым справа, доўга рагатаў і дазволіў Карнею жыць у старой лазні. Яму нават выдалі "аўсвайс".

Жылося яму голадна: было не да пацукоў. Але ён быў задаволены, што жыве ля сваёй хаты, што пан не псуе яе, што яна застанецца цэлай. Аднойчы яго паклікалі да ганка, і там новы гаспадар паказаў яго гасцям.

— Бачыце, тубылец. Галава, як стаўбун. Рад, што я тут — бо хату не запаскудзяць. Сказаў, што цяпер горш, бо пацукоў не ловяць. Разбіраецца, бачыце, у палітыцы. Што ў гэтых пячорных мазгах можа быць?! І гэта называецца чалавек. Дэгенерат! Добра што хоць не шкодны… Ну ідзі, ідзі…

Карней пайшоў. Ён не пакрыўдзіўся. Ён не ведаў, што такое "дэгенерат". Так ён хадзіў па горадзе. Бачыў надпіс "Зараза!" вакол лагера. Бачыў, што ў горадзе мала людзей, што з яўрэйскіх кладоў часам нясе тлустым дымам. Але ўсё гэта праходзіла паўз яго. Мазгі Карнея здатныя былі рэагаваць толькі на тое, што адбываецца вось тут, на яго вачах.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке