Карней жаласна застагнаў і пайшоў прэч. Сэрца яго аблілося крывёй.
У тую ноч абурыўся ўвесь яго маленькі свет, дзе людзі жывуць, смяюцца над ім, плацяць яму грошы, дзе дзеці любяць яго, дзе пацукі баяцца касталом-травы.
Ён пачаў унікаць афіцэра, але хутка яго паклікалі ва ўласны дом.
Справа была ў тым, што пацукі з разбуранага бровара, дзе яны раней жывіліся, кінуліся ў суседнія дамы, асабліва ў тыя, дзе была ежа. Атрута не памагла. Тады звярнуліся да яго, і "тубылец" нечакана згадзіўся, толькі папрасіў тры дні, да суботы.
— У суботу пан будзе гуляць у карты спакойна, пад падлогай ніхто не будзе шарудзець. А што доўгі тэрмін, дык шаптаць такому пану — не простая справа… У простага мужыка і пацук, значыцца, просты і выгнець яго проста… А тут пацук адгадаваны і шкодны.
Пасля многа гутарылі пра тое, што нехта бачыў пацукалова за горадам, на дарозе, у кампаніі з нейкай кабетай, якая вельмі нагадвала ўдаву Стучэўскую. Яна штосьці гаварыла, а пацукалоў адказаў толькі раз:
— Не ведаю. Галава ў мяне такая… Самыя простыя рэчы не разумее.
Пасля яны пастукалі ў нейкі домік на ўскраіне і доўгі час сядзелі там. Пацукалоў пабываў там яшчэ раз і выйшаў адтуль, моршчачы лоб.
Таго самага дня ён пабываў ва ўласнай хаце, стаяў там на каленях і шаптаў тое, што шаптаў тысячу разоў: "Цар пацучыны, ветахавы, цёмны, выходзь… на балаты… там… на пясок рассыпайся…"
Ён папрасіў дазволу прыйсці ў суботу ў шэсць гадзін для канчатковай замовы.
У той дзень выпаў першы сталы снег. Дом і сад выглядалі такімі прыгожымі пад белымі, мяккімі падушкамі.
І калі пацукалоў у суботу прыйшоў другі раз, ён доўга стаяў ля хаты, гледзячы на яе прагнымі вачыма. Торба вісела ў яго цераз плячо, стуль выглядалі сцябліны травы. А вусны ўсё шапталі нешта.
Пасля ён выцер кулаком сухія вочы і хутка пайшоў да ганка. Салдат і паліцай з мясцовых адвялі яго ў сталовую.
— Зараз папросіць пакінуць аднаго, — сказаў паліцай. — Гэта ўжо заўсёды так.
Ён, сапраўда, папрасіў і, калі яго пакінулі, стаў на калені ў кут, да вялікай пацучынай пары. Вусны яго шапталі. Ён дастаў з торбы вялізны пучок касталом-травы, залез у яго пальцамі і, да болю моршчачы лоб, на невялічкім металічным прадмеце перавёў невялічкую стрэлку на лічбу дзевяць. Пасля апусціў усё гэта ў знарок пашыраную дзірку і забіў яе дошчачкай. Перайшоў да наступнай дзіркі — і там паклаў пучок травы. Затым паклаў яшчэ ва ўсе норы. Ён прабавіўся так з гадзіну.
Пасля, ля выхаду, яго затрымалі і павялі ў кухню. Ён павагаўся, але пайшоў. Тут яго не пакінулі аднаго, бо так патрабаваў парадак. Усе з цікавасцю глядзелі, як ён піхаў траву ў норкі і шаптаў свае дзікунскія замовы.
Кухар нават панюхаў траву, і пацукалоў спытаў, ці добра яна пахне.
Спяшацца было нельга.
Ля дзвярэй яго зноў затрымалі, бо ён павінен быў адчытацца перад самім гаспадаром, а той яшчэ не прыехаў. Пасля ён прыехаў, а з ім яшчэ шэсць чалавек, сярод іх дзве дзяўчыны.
— Я ўсё зрабіў, пане ласкавы, — сказаў пацукалоў. — Вы будзеце вельмі спакойна спаць… І вашы цнатлівыя паненкі таксама.
Яны засмяяліся, а новы гаспадар даў яму каляровую паперку. Пацукалоў узяў яе і скамячыў у далоні. Толькі выходзячы, ён зірнуў на насценны гадзіннік. Маленькая стрэлка прайшла палову дарогі ад лічбы, падобнай да парсюковага хвосціка.
Ён выйшаў і пабрыў па снезе, не аглядаючыся назад. Ён ведаў, калі азірнецца і пабачыць веранду, дзе хлопчык піў чай, і акно таго пакоя, дзе хлопчык спаў, то можа вярнуцца. Каб разам… У хлопчыка быў такі неспакойны сон.