Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Карней-мышыная смерць стр 4.

Шрифт
Фон

Пачынаўся зазімак. У лазні рабілася холадна.

Аднойчы на світанні нешта штурхнула яго ў сэрца. Сам не ведаючы чаму, ён занепакоіўся. Потым гэта невядомае прымусіла яго апрануцца і выйсці з лазні. Ніхто чамусьці не затрымаў яго, і ён дайшоў да самай ускраіны саду і ўбачыў там вялізную літару "П", а ля яе людзей. Людзі рабілі нейкую звычайную сваю работу. Гаспадар хаты стаяў, пазяхаючы, непадалёку ад другога афіцэра, які чытаў з маленькага лістка. Было яшчэ некалькі людзей у зялёным і жанчына, якой толькі што абрэзалі косы ў вялікі папяровы пакет. Жанчына стаяла і нібы нешта глытала, хоць ежы ў яе не было відаць.

Афіцэр павярнуўся і заўважыў Карнея.

— А-а, аўтахтон. Ну-ну, падыходзь. Бачыце, панове, вось і паняты з'явіўся.

Ён амаль любіў гэтага недапечанага чалавека (дрэнныя людзі любяць таго, хто ніжэй за іх) і размаўляў з ім заўсёды паблажліва і ласкава. Але другі афіцэр, той, што чытаў, сказаў яму нешта, і гаспадар занепакоіўся.

— І сапраўды, хадзем адсюль. Давай, давай.

Яму, відаць, вельмі хацелася дадому. Ён хранічна недасыпаў, гэты чалавек. Таму ён з радасцю пакінуў свой пост і павёў Карнея прэч.

— Што гэта тут робяць гэтыя людзі? — спытаў пацукалоў.

— Вешаць будуць. Злачынцаў, — ляніва адказаў афіцэр.

— Як вешаць? — здзівіўся Карней.

— А так, за шыю.

— Вешаць? За што? — Карней занепакоіўся. — І дыхаць нельга?

— Чаму нельга? Льга. Толькі не ротам.

І раптам пацукалоў загаварыў разважліва і павучальна:

— Няможна вешаць людзей за шыю, пан. Шыя дадзена, каб дыхаць. Іначай нельга дыхаць… Хіба можна так, за шыю? Няможна вешаць людзей. Яны людзі. Яны хочуць есці, піць ваду і піва, плаціць мне грошы, что я выганяю пацукоў. Нашто ж, замест таго каб шкадаваць людзей, раптам — за шыю? Шыя чалавеку не дзеля гэтага дадзена.

Афіцэр з цікавасцю паглядзеў на яго.

— Што гэта ты вярзеш, дурань? Марш адсюль!

Але Карней не пайшоў. Ён стаў ля афіцэра і пранікнёным, вельмі цвёрдым тонам сказаў:

— Яна ж памрэ, праўда? Пане, злітуйцеся над ёю, пашкадуйце яе. Яна ж чалавек, як і вы…

Афіцэр маўчаў. Напэўна, думкі яго былі ў гэты момант далёкімі ад устава. Вялізная вайсковая машына — і тут прыдурак. Урэшце ён паўтарыў яшчэ раз:

— Марш, дурань!

Пацукалоў глянуў назад. Жанчына ўжа вісела, а адзін салдат, абхапіўшы яе ногі, цягнуў уніз.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке