- Я ж казаў: пасты на дарогах падвоены з прычыны забойства капітана Пора-Леановіча.
- Хто яго забіў? - уважліва гледзячы на Горава, спытала жанчына. - Няўжо інсургенты зноў з'явіліся?
- Яго забіў я, - цвёрда і сумна сказаў Гораў, - не трэба непакоіцца. Мы страляліся на сумленнай дуэлі.
- Не варта было. Ён толькі выконваў загад.
- Варта было, - сказаў Гораў, - варта для яго самога.
Жанчына моўчкі глядзела на мокрыя лугі, што драмалі пад плямамі скупога сонца. Потым нахілілася, выцягнула з дарожнага кофра цёмна-сіні плашч і накінула яго паўзверх жалобнага адзення.
- Бадай што, ваша праўда, - сказала яна. - Я была зусім разбітая, але вы сваёй мужнасцю далі мужнасць і мне. Я ведаю, што мне рабіць.
- Куды вы зараз?
- У Вільню. Да Мураўёва. Я даб'юся ў яго аўдыенцыі і не пабаюся сказаць яму, што я думаю аб яго паводзінах.
- Гэта вельмі небяспечна. А вы яшчэ такая маладая, і для вас не цяпер, не зараз, але магчыма шчасце.
Нясцерпны жаль і немае замілаванне ахапілі душу Горава, калі яна ўзяла яго руку ў свае.
- Я ведаю, ёсць многа добрых людзей, - сказала яна, - людзей з усёабдымным, з чалавечым сэрцам. Такіх, як вы. Але што я магу зрабіць, калі мне ўсё жыццё будуць трызніцца тыя дзесяць хвілін, на якія я спазнілася. Калі для сэрца чалавечага няма і не будзе забыцця... Дарагі мой чалавек. Я ведаю - у мяне ўсё канфіскуюць. Мяне хутчэй за ўсё чакае Сібір.
Яна схіліла галаву, а потым, праз імгненне, ускінула на Горава цёмныя вочы.
- Але мне лягчэй. Людзі заўсёды людзі. Людзі паўсюль людзі... Дай вам Бог шчасця за добрае сэрца. Шчасця з невядомай мне рускай жанчынай, такой самай добрай, як вы.
- Не трэба, пані, - сказаў Гораў.
- Маўчыце, - сказала яна амаль сурова. - Чым я магу аддзякаваць за ўсё? Толькі словам. Дай вам Бог шчасця. І вам, і дзецям, і ўсім нашчадкам вашым. Дай Бог, каб мае ўнукі ніколі не варагавалі з вашымі.
- Рушай, - сказала яна фурману пасля хвіліны цяжкага маўчання. - Бывайце, дарагі.
- Бывайце.
Брычка павольна пакацілася па дарозе. Гораў хацеў было ўжо саскочыць з прыступкі, але яна ўзяла доўгімі далонямі яго галаву і прыцягнула яе да сябе на грудзі. Пацалавала ў высокі лоб.
Ён нахіліўся і прыпаў вуснамі да бязвольнага сугіба ля кісці яе рукі.
- Ідзіце... Ідзіце, - шэптам сказала яна.
Споўнены гаротным неўразуменнем, бунтуючы ўсім сэрцам супраць сляпой сілы, якая няўмольна разлучае людзей, Гораў скочыў з прыступкі. Брычка пакацілася хутчэй.