Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Паром на бурнай рацэ стр 24.

Шрифт
Фон

Бясконцыя лугі ляжалі вакол.

А ён стаяў і глядзеў, як брычка, зрабіўшыся цёмнай кропкай, знікала недзе пад чорнымі хмарамі, ад якіх цягнуліся да зямлі шэрыя і напаўпразрыстыя завесы дажджу.

Так скончылася гэта гісторыя. Ураган размёў чалавечыя існаванні і не дазволіў сустрэцца зноў. Паўстанне грымела, усё далей адсоўваючыся на захад, а ў Прыдняпроўі настала ўжо «заспакаенне» і «ўціхаміранне».

І тады да Горава пачалі прыглядацца. Смерць Пора-Леановіча некаторым здалася падазронай. Доказаў не было і не магло быць. І ўсё ж агульнае падазрэнне было такім, што Гораў хутка быў вымушаны падаць у адстаўку.

Незадоўга да гэтай знамянальнай падзеі яго, памятаючы бой пад Ракавам, узнагародзілі медалём «За ўціхаміранне»... Медаль ён не насіў.

І пайшло далейшае жыццё, такое, як ва ўсіх. Жаніцьба. Масква. Усё тое, аб чым ён марыў за дзень да падзей на пароме.

Няскора ён зразумеў, што паром і жахлівая вераб'іная ноч былі водападзелам яго жыцця, што ўся плынь яго існавання і думак пацякла з той ночы ў зусім іншым напрамку. А калі зразумеў, - агарнула туга.

Яна прыходзіла нячаста, чамусьці часцей за ўсё ў дажджлівыя асеннія ночы. І тады ў вачах паўставаў далёкі край бязлюддзя, крыжы на ростанях, павалены лес паабапал дарог і імклівая быстрыня Дняпра з лядаштым паромам ля адхону.

Ён быў шчаслівы, але чамусьці ў непатольнай цемры начэй усё часцей успамінаў кнігавак над лугамі, шэрыя завесы дажджу і рукі з доўгімі пальцамі, рукі, што сціскалі яго скроні, рукі той, якая знікла, каб ніколі больш не сустрэцца з ім.

У неасэнсаваным жаданні ажывіць гэтыя і без таго жывыя ўспаміны, вярнуць страшны, самы лепшы час свайго жыцця, ён імкнуўся да мінулага, настойліва ўваскрашаў яго, аж да ліслівага дакранання мокрага ліста вяргіні.

Позняй восенню ўспаміны з прыемна-балючых ставалі нясцерпнымі. І тады, каб хоць трошкі перажыць неадольныя чары той зямлі, якая ляжыць недзе і кліча прызыўным клічам, што нельга згасіць у сэрцы, - Гораў браў паляўнічую стрэльбу і знікаў з Масквы. Усё адно куды. Толькі б далей, толькі б стаялі вакол голыя цёмныя лясы, толькі б у свісце ветру чуўся водгук той навальніцы, якая шматавала чорныя вольхі над паромам.

Шаснаццатага лістапада тысяча восемсот шэсцьдзесят шостага года, падчас адной з такіх уцечак, ён, трохі паблукаўшы балотамі, ішоў начным лесам з палявання. Два забітыя цецерукі абцяжарвалі бок, ногі ў балотных ботах спружынілі на налітых вадою мхах.

Нетры скончыліся раптоўна. За ўзлескам ляжалі купіны імшараў, за імі зноў цямнела лясная сцяна. Над галавою свяцілі высокія і яскравыя асеннія зоры. І, як заўсёды на самоце пад асеннімі зорамі, душу агарнула шкадаванне аб страчаным і пачуццё закінутасці і безабароннасці.

І вось гэты паўночны Яраслаўскі край здаўся вельмі падобным на тую, таксама закінутую ў балотах краіну, дзе зараз, пэўна, дажывае на беразе струхлелы паром, дзе калісьці вусны далёкай і незваротнай дакрануліся на хвіліну да яго валасоў.

Гораў стаяў, прыхіліўшыся спіною да замшэлай сасны. Павекі яго, што раптам зрабіліся цяжкімі, прыгашвалі халоднае мільгаценне зорак.

Ноч плыла над балотамі.

І раптам у гэтай начы, аднекуль з зеніту, пакаціліся тысячы хуткіх зеленаватых знічак.

На няўлоўныя імгненні пакідаючы ў небе халодны зеленавата-фосфарны след, яны ляцелі ўніз і згасалі, гінулі ў цемры, а на змену ім з'яўляліся новыя, новыя, новыя.

Гэта былі Леаніды.

Адразу ўспомніліся горкія словы Леановіча, шалёны дождж над самотнай ракой, вялізныя, як азёры, чорныя вочы той, якая знікла і ніколі не вернецца.

Чалавек стаяў пад зеленаватым зорным дажджом і думаў:

«Яны былі ў трыццаць трэцім, яны лятуць зараз. Калі яны прылятуць у дзевяноста дзевятым, на парозе новага стагоддзя, - я яшчэ буду жыць. Калі яны прылятуць у тысяча дзевяцьсот трыццаць другім годзе, - мяне ўжо не будзе. І нават мае дзеці не ўбачаць Леанід шэсцьдзесят пятага года... А яны будуць ляцець і ляцець, сустракаючы ўсё новыя і новыя пакаленні. Што будзе тады, праз сто год, ці далося б нам зразумець радасць і боль тых людзей?»

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора