Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Паром на бурнай рацэ стр 7.

Шрифт
Фон

Ён устаў і шырока пацягнуўся, распраўляючы мускулы. Засмяяўся:

- Прашчур - малайчына. Галоўнае - стаць на той бок, які выйграе.

Гораў адышоў ад стала, успёрся локцямі на падваконне і прыціснуў лоб да халоднага шкла.

Дождж ліў так, што ўся зямля ў сляпучым святле бліскавіц укрывалася сінімі ўспышкамі падаючых кропель. Быццам поле нізкіх, ля самай зямлі, кветак вырастала паўсюль і зноў згасала ў цемры. Білі грымоты.

Нехта люта сваволіў, ломячы ў хмарах тоўстыя дрэвы.

Праз шум дажджу пачуўся шолах колаў па хліпкай зямлі. Глухія галасы.

Гораў угледзеўся ў цемру:

- Нехта прыехаў.

Ён накінуў плашч і выйшаў.

Сярод двара стаяла парная прыпрэжка. Дымелі спіны замораных коней. А за імі ледзь вымалёўваўся цёмны сілуэт лёгкай брычкі з узнятым верхам. Фурман, сівавусы чалавек, падобны ў плашчы на натапыраную птушку, завіхаўся ля коней. Ад маланак цень яго, вялізны і нехлямяжы, кідаўся ва ўсе бакі.

Завеска брычкі адшморгнулася: з'явілася і ступіла на прыступку невялічкая нага. Жанчына, высокая і зграбная, у цёмным плашчы, стала проста ў ваду, якая плыла па ўсім двары, і азірнулася.

- Сюды, пані, - спяшаючыся з ганка ёй насустрач, голасна сказаў Гораў.

Ён адчыніў перад жанчынаю дзверы. Тая пераступіла парог і адкінула капюшон, мружачы вочы ад сляпучага - пасля цемры - агеньчыка свечкі.

Здзіўлены Леановіч глядзеў на жанчыну вялізнымі вачыма.

Глядзець было на што. Ніколі яшчэ Гораў не бачыў такога аблічча.

Густыя цёмныя бровы, якія здаваліся амаль мужчынскімі, каб не агромністыя, як чорныя азёры, бліскучыя вочы і прыпухлы маленькі рот. Прамы, невялічкі нос, мяккі авал трохі асіметрычнага аблічча, якому самая гэтая асіметрычнасць надавала дзіўны выраз мяккай жаночай пакорлівасці ў спалучэнні з уладнасцю, мала таго, з прывычкай уладарыць.

«Адкуль гэта, - падумаў Гораў, - ад арыстакратызму? Наўрад ці. Яна, відаць, такі самы арыстакрат, як я. Проста чалавек духу і думкі. А ўладнасць - як гэта я не здагадаўся? - проста таму, што мужчыны не могуць не быць рабамі перад такой жанчынай».

І ён адчуў, што, каб не мундзір, каб не вайна, - ён, можа, і сам стаў бы яе рабом. І нёс бы гэтае рабства нават з прыемнасцю.

На цёмна-русых валасах жанчыны, над лобам, вясёлкава блішчалі малюсенькія кроплі вады. І быў гэта твар, у якім было нешта дзіцячае і безабароннае пры ўсёй даросласці.

Леановіч уздыхнуў і апусціў твар у далоні. Гораву здалося, што плечы капітана калоцяцца ад прытоенага смеху. Але, калі Леановіч узняў вочы, твар яго быў сур'ёзны.

- На той бераг, калі ласка, - сказала жанчына.

Леановіч глянуў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін ночы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке