– Кветка...
– Шыпшыну? Табе?
Смерць засмяялася:
– Глядзі, Выліваха, пашкадуеш. Наўрад ці ты так трымаў бы сябе, каб ведаў, які падарунак я табе прызапасіла. Ну, ідзі. Тут я трохі затрымаюся, а цябе стрэнуць памагатыя... Зараз прыйдзе ладдзя Роспачы.
І яна знікла. Змрок быў глухі, і толькі ля самых ног хлюпалі аб бераг дробныя зыбкія хвалі нябачнага невядомага мора.
Нешта тупа грукнула аб бераг, а потым у цямноцці пачуліся глухія жаласлівыя галасы: нібы кані крычалі над начным поплавам, успуджаныя крокамі Невядомага. І Выліваха здагадаўся што гэта садзяць у ладдзю змарлыя душы.
Ён узяў акорд на лютні, але заспяваць не паспеў. Нечыя рукі схапілі яго і шпурнулі на дно вялікай ладдзі, на рабрыстыя і слізкія какоры.
– Гэй, – сказаў ён. – Што я вам, бярэмя дроў?! Я, пакуль тое, жывы. Не маглі, халеры, пачакаць забыцця.
Нехта сунуў яму ў рукі бабайку вялізнага вясла. Жорстка абхапіла ногі калодка. Зацурчала вада. І адразу заплакалі ў цемры дзесяткі кволых, нібы дзіцячых, галасоў.
– Г... вы, – сказаў Выліваха. – Рагачоўцы ёсць?
– Не, – застагнаў нехта.
– Адразу відаць. А хто ёсць?
– Дубровенцы, – адказаў са слязьмі нехта.
– Шышшы, – сказаў Гервасій. – Глядзець мне на вас брыдка, плытагоны. Вы што, упершыню на вялікай вадзе? Супакойцеся, дарога далёкая, час для ўлюбёнага занятку ёсць.
Нехта нясмела зарагатаў.
– Вось так лепей, – сказаў Гервасій. – Плывём, хлопцы, нібыта галернікамі ў турэцкую няволю. А паны па цэрквах аб “спрадвечнай радзіме” спяваюць ды аб тленнасці зямнога... Ёсць тут папы?
– Ёсць, – сказаў голас з кармы.
– Пэўна, і тут на стырне сядзіш?
– На стырне.
– Вось і кіруй на спрадвечную радзіму. Дайце яму каторы, хлопцы, вяслом па галаве.
У цемры прагучаў глухі ўдар: нехта скарыстаўся з парады.
– Раб, – сказаў страшны глухі голас. – Пакінь смяшыць людзей, раб! Тут не зямля.