Чазенія - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч страница 2.

Шрифт
Фон

– Згода, – і ён паклаў трубку, устаў.

За акном ляжаў у ручаінах дажджу Уладзівасток. Віселі над усім нізкія-нізкія грыфельныя хмары. Такія нізкія, што сопкі да паловы хаваліся ў іх, і здавалася, што горад таксама пацее пад шэрай коўдрай. Парка. Мокрая задуха. Свінцова блішчыць Залаты Рог. Дамы, дрэвы, сілуэты караблёў – усё размытае, як на японскіх гравюрах.

У доме на рагу, на першым паверсе, свеціць праз акно залацістым пузам каралеўскі пінгвін. Там нейкі музей. I сумна, мусібыць, гэтаму пінгвіну глядзець у дождж – над-звы-чай-на...

Дождж і дождж. I гэта на пачатку верасня. Нібыта пасля яснага, гарачага жніўня зноў вярнуўся дажджлівы, парніковы прыморскі ліпень.

Значыцца, зноў павеялі вятры з поўдня, з мора, зноў адцяснілі яны паўночны вецер, што ў жніўні, верасні і кастрычніку нясе гэтай зямлі вечнае сонца, гарачыню і здаровую прахалоду начэй.

Ён пайшоў пад душ, але і там давялося хвілін дзесяць чакаць, пакуль вада зробіцца адносна халоднай. Стаяў пад яе струменямі, што хвасталі па грудзях, плячах, галаве, і паступова адыходзіў, нібы вада, змываючы ліпкі пот, адначасова выбівала з душы змрочныя цені сну.

"Ах, як добра! Як хораша! Нават нічога, што давядзецца ісці ў марвакзал. Чым ужо аднаму абедаць, то лепей з Васілём..."

3 Васілём Паўлавым, нядаўнім сваім прыяцелем, ён пазнаёміўся ў першы вечар па прыездзе сюды. Хутчэй ад няма чаго рабіць зайшоў у рэстаран марскога вакзала, сядзеў сярод шумлівага натоўпу, піў сухое віно і глядзеў то на заліў у двайных агнях караблёў, то на сценку над барам, па якой плылі яркія, рэльефныя кальмар і кашалот.

Гэта было яшчэ ў ліпені. Дажджы лілі так, што цвілі туфлі ў шафе. Не надзенеш дні тры – і гатова: нібы нехта іх пад малахіт пафарбаваў. Вось і там, у рэстаране, не прыносілі палёгкі ні халоднае віно, ні заліў за вокнамі, ні ноч. I ад гэтага, хутчэй чым ад віна, туманілася галава і здавалася, што рукі брудныя.

I вось калі ён другі раз выйшаў памыць іх, ён убачыў, што каля ўмывальні некалькі хлопцаў амаль прыціснулі да сценкі нейкага каржакаватага чалавечка. I чалавечак і хлопцы былі апрануты вельмі добра, але дарагія гарнітуры хлопцаў сядзелі на іх, як на карове сядло, ціснулі пад пахамі, мулялі ў грудзях. Ды і чалавечак адчуваў сябе кепска ў шэрай, відаць па ўсім, замежнай пары.

А можа, гэта толькі здавалася так, бо ўсе былі чырвоныя, відаць, трохі на падпітку, і ў тым стане, калі бойка наспявае, але яшчэ не наспела, і таму абодва бакі адчуваюць сябе няёмка і не дужа ведаюць, што рабіць.

Яму стала чамусьці шкада чалавечка. Невялікі, рудаваты, ён сціскаў кулакі і зыркаў вакол бясстрашнымі сінімі вачыма: збіраўся як мага даражэй прадаць жыццё.

I ён спытаў:

– Што гэта вы на аднаго?

Адзін з хлопцаў пакасіўся на яго, абвёў вачыма плечы, грудзі, усю постаць, нібы абмацаў, чаго варты, і сказаў нахабна, але не дужа ўпэўнена:

– А табе што? Ну, біча правучыць хочам. Можа, дапаможаш?

– Чаму ж гэта вы яго, такія адукаваныя, навучыць можаце? А памагаць – памажыце ўжо вы сабе самі...

– Я вам – біч?! – ажыў духам чалавек. – Экс-чэмпіён краю вам – біч?! Вось я вам зараз дам. Самі вы бічы, а не кітабоі! Дзярмо!

"Кiтабоi... I сапраўды, падобна. Адсюль, вiдаць, i скутасць у нязвыклых гарнiтурах, i гэтыя вялiзныя, як рыдлёўкi, далонi рук. Каб ведаў – трохi падумаў бы, перш чым звязвацца".

Але цяпер было позна. Той, што разглядаў яго, спытаў:

– Ты што, думаеш, у нас адных кітоў б'юць?

– Ды не, чаму ж? – як мага спакайней адказаў ён. – Я думаю, можна і кітабояў таксама.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке