– Што гэта вы, як кібер, працуеце? – з усмешкай спытаў Севярын.
– А вы што, мелі з імі справу?
– Даводзілася.
– Разгубіўся проста... А набілі б, сволачы. Га?
– Набілі б, – сказаў Будрыс.
– I я кажу, – пасур'ёзнеў Паўлаў. – Будрыс. З поўначы. Беларус... А я вось не ведаю, хто я. Тут табе і хахлы, і латышка, і ўсякага жыта па лапаце. – I ўжо зусім нечакана дадаў: – Мой прадзед быў жандарскі палкоўнік.
"Пачынаецца, – падумаў Севярын. – Плакалі мае грошыкі..."
Як большасць безабаронных слабавольных людзей, ён адразу ж прымірыўся з гэтым.
"Ну і добра. Не хапае, ці што? Прынамсі, мяркуючы па першых авансах, брахня будзе цікавая. Вып'ю. Сядзець буду позна. Можа ад віна і стомы хоць гэтая ноч пройдзе спакойна..."
Выпілі. Паўлаў частаваў.
– Кальмар. Вы ў нас тут навічок, то вам, пакуль тое, экзотыку давай.
Кальмар нагадваў смачную гуму, нарэзаную, як лапша. Паўлаў зноў выпіў і раптам без усякага выразу ў сініх вачах паўтарыў, нібы сам здзіўляючыся гэтай акалічнасці.
– Жандарскі палкоўнік... Але ён быў харошы жандарскі палкоўнік... Добры жандарскі палкоўнік. Ён быў... – I выпаліў, нібы са стромы ўніз галавою кінуўся, нібы ведаў, што ўсё адно ніхто не паверыць: – Ён быў... закаханы ў Веру Фігнер.
"Час ад часу не лягчэй! Пахне трэцяй бутэлькай..."
– Праўда. Добры жандарскі палкоўнік. Спачуваў нарадавольцам. Быў закаханы ў Веру Фігнер. Памагаў рэвалюцыянерам. А я вось – экс-чэмпіён. I зноў буду. Я ім так не дамся. У мяне – прадзедаў гарт...
I ён са значэннем узняў палец.
Нешта напаўзабытае, цень нейкага невыразнага ўспаміну, прамільгнула ў Будрысавай галаве. I сапраўды, недзе ён чытаў, чуў пра жандарскага палкоўніка, які... Урэшце, ці ён адзін? Многа было такіх. А таго, здаецца, саслалі.
– Прабачце, яшчэ раз прозвішча?..
– Паўлаў.
"I сапраўды, здаецца, так. Што ж, калі гэта і хлусня – дык хоць не сумная... Тым цікавей будзе слухаць..."
– А дзед мой купіў сабе рабыню-яванку. Тут у той час было цяжка з жанчынамі. А ў Сімеонаўскі Коўш прыходзілі паруснікі, джонкі, проста чаўны. Ён і купіў. Разам з вязкай бананаў і ракавінай-трыдакнай. Дагэтуль яны ў нас. То бок, бананы, вядома, яшчэ тады з'елі...
– Хіба праваслаўным дазвалялася пасля рэформы мець рабоў?