Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Чазенія стр 7.

Шрифт
Фон

Ну и пусть, моряк, не скоро

Ты вернешься в этот город...

Моряки блуждают в море,

Словно в небе облака!!!

Кітабоі грукалі нагамі, нібы на іх усё яшчэ былі пудовыя боты. Лёталі са сваімі партнёршамі капітаны, нават самыя сівавалосыя. I ўсё гэта нагадвала індзейскія скокі або танец людзей, якім дваццаць год забаранялі танцаваць:

По-лю-би-ла мо-ря-ка-а-а!!!

Будрыс са здзіўленнем заўважыў, што субяседнік скача, седзячы на месцы. Наіўнаватая песенька нарадзіла ў яго вачах непадробнае захапленне. I гэта лепей за ўсё сказала яму, што Васіль – карэнны, патомны жыхар, плоць ад плоці і кроў ад крыві горада.

I тут жа спаймаў сябе на тым, што i ён не толькi крычыць.

– Вось і ты прычасціўся, – сказаў Паўлаў. – Ахрышчаны.

Гэтае "ты" было нібы прызнанне, што Севярын цяпер свой. I так, праз нямудрую гэтую песню, Будрыс нібы заглянуў у душу горада.

З гэтага часу ён і Паўлаў сталі прыяцелямі. Пасля Севярын паехаў трохі паглядзець на гэтую зямлю і падчас паездкі канчаткова зразумеў, што яму ўсё роўна, хваліцца Паўлаў ці не, многа ён брэша ці так залівае трохі. Таму, што ён бачыў у ім частку душы горада. Карэннай яго душы – прадпрымальнай, непаседлівай, смелай, трохі выхвальнай, зубастай, цяжка працоўнай, схільнай да самых неверагодных выдумак. Накіп, што ёсць у кожным горадзе, – гэта было не тое. Яго хапала і тут. Але ў Паўлава Будрыс заўважыў частку душы першапасяленца. I пляваць яму было на тое, чэмпіён Васіль ці не, кахаў ягоны прадзед Веру Фігнер або гэта такая самая "антыяпонская мова", як бабця з Явы.

I вось цяпер Васіль пазваніў.

...Будрыс, урэшце, вылез з-пад душа, адзеўся і выйшаў з гасцініцы. Дождж перастаў, але было вільготна і рэзкі вецер з мора ляцеў вуліцамі.

Заставаўся яшчэ час, і Севярын пайшоў гэтыя два прыпынкі пеша, звярнуў да бухты, каб прайсці да вакзала праз порт.

Між караблямі білася і ўздыхала вада. Плавалі ў ёй бочкі, скрынкі з надпісамі на разнастайных мовах, варушылася каша водарасцяў. Пах гэтай вады, ёдны, салоны, масляны, – унь якая вясёлка на ёй! – востры ад водарасцяў, што гніюць, поўніў, здаецца, увесь горад.

Будрыс стаў над рыбаловамі, якія лавілі з пірса на крэветку. Цягалі краснапёрак праз вясёлкавую плеўку, што дзяліла водную і паветраную стыхіі. Цікава, ці пахне рыба бензінам?

I раптам вострая, страшная туга па радзіме нібы нажом ударыла пад сэрца.

"Краснапёрка. Марская. А ёсць рачная. Там. I яе ловяць з чыстай вады. З азёр. З Асвейскага. З Нарачы. З якога-небудзь там Вечалля або Дзевіна. З Лучосы. З Дняпра. Божа мой, як жа гэта я трапіў сюды? Як мяне сюды занесла? Туды трэба было ўцякаць. Туды. З дзяцінства, здаецца, не бачыў... Такая туга! Але шэф сказаў: "Знаеце што, мы даём вам столькі часу, колькі вам трэба, каб прыйсці ў сябе. I адпачывайце вы. Едзьце вы далей, далей, як мага далей. Кахайце, рыбу лавіце, калі хочаце – напіцеся. Але толькі каб сталі другі, каб ранейшы... Усё рабіце, што хочаце. Інакш, баюся, мы вас страцім. А нам, а мне... вельмі гэтага не хочацца. Я прыглядаўся да вашых здольнасцей яшчэ ў школе. – У шэфа відавочна сапсаваўся настрой, пацірае пальцамі востры, птушыны нос. – Не ведалі? Ну вось. А вы і трапілі, куды трэба, таму, што да мяне, да нас дайшло і мы прыглядаліся... I пасля я глядзеў і радаваўся, і ведаў, што мне ёсць на каго..."

Ён тады махнуў са скрухаю рукой. Гаварылі ў ягоным вялікім непрытульным кабінеце, дзе ён амаль ніколі не сядзеў. I ўжо зусім дзіўна было, што суровы, аніяк не схільны да распівання спіртнога ў рабочы час, шэф паставіў на стол бутэльку каньяку і дзве чаркі. Паставіў, і яны выпілі па адной і па другой, і гэтым свядома зглумілі цэлы дзевь, бо ні адзін, ні другі не маглі працаваць, узяўшы хаця б грам. А пасля шэф, які нікому ніколі не казаў таго, што сказаў зараз яму, заторкнуў бутэльку і ўздыхнуў.

– Вось так. Дастукаўся. Я разумею. Цяжка. Што, нервы, сны, кашмары?

Будрыс моўчкі кіўнуў галавою. I тут бутэлька стрэльнула коркам у столь. З рэзкім гукам. I малады так здрыгануўся пры гэтым, што твар шэфаў абцягнуўся скураю і нешта дзіўнае, нешта такое, што трывожна і да канца асэнсоўвала, з'явілася ў вачах. Нешта птушынае, уважлівае і спалоханае. Ён адразу ж пастараўся прагнаць гэта. Ён усміхнуўся:

– Гэта яна намякае, каб яшчэ налілі. Ну і малайчына, што нагадала. Давай!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке