Дантэ звяртаўся да Вергілія: О гонар і светач усіх песняроў на зямлі!, Мудрэц, які ўсё ведае!, Вышэйшы розум!, Настаўнік таямніц запаветных!
Шырокавядомы ў народзе міф, што пакладзены ў аснову сюжэта трагедыі Эсхіла Прыкуты Праметэй. Праметэй выкраў на Алімпе агонь, якім распараджаліся багі, аддаў тое жыватворнае полымя людзям, за што Зеўс загадаў прыкаваць віноўніка да скалы. Да прыкутага героя кожны дзень прылятае арол, каб дзяўбці яго печань. У фінале твора Праметэй правальваецца пад зямлю разам з кавалкам скалы, да якой ён быў прыкуты.
Назва Грэцыі на грэчаскай мове Элада, а грэкі называлі сябе элінамі. Час росквіту старажытнагрэчаскай літаратуры прынята называць перыядам класікі або элінскім перыядам.
У эпоху элінізму паспяхова развівалася лірыка рымскіх паэтаў Катула, Авідзія, Гарацыя. Арыстоцель распрацаваў Паэтыку вершаскладання, сістэму жанраў, стыляў, вобразаў, смела пранікаў у законы мастацкай творчасці, не толькі імкнуўся данесці да чытача прыгажосць мастацкага твора, але і раскрываў адметнасці мастацкай формы, г. зн. паглыбляўся ў самую сутнасць твора, раскрываў тэхналогію, па якой ён створаны.
Падагульняючы, можна зрабіць вывад, што ў часы Антычнасці на першы план выходзіў культ грамадства, поліса, грамадзянскасці, калі кожны грамадзянін адчуваў сваю еднасць з грамадой, далучанасць да дзяржавы, прымаў удзел у яе жыцці, прыкладаў намаганні дзеля ўзмацнення яе магутнасці. Услаўляўся герой не толькі гарманічны (Афіны), але і аскетычны (Спарта), адкуль і пайшоў выраз спартанства, калі герой у імя высокіх мэт і велічы дзяржавы, дзеля высокай ідэі ахвяроўваў зямнымі радасцямі і ўцехамі, вёў спартанскі лад жыцця, абмяжоўваў сябе. Развіваліся гуманітарныя і прыродазнаўчыя навукі, значна ўзрос у грамадстве аўтарытэт вучонага, вынаходніка, чалавека таленавітага, узмацнялася павага да філосафаў, аратараў, мудрых асоб, якія ўмелі запаліць словам людскія душы, павесці за сабой. Шырока развівалася ў часы Антычнасці выяўленчае мастацтва. На першым плане часоў Антычнасці культ фізічнай прыгажосці (багі, героі Гамера, удзельнікі Алімпіяды). Тэатр забірае ў палон грамадзян, якія прагнуць прыгожага хлеба и зрелищ, у грамадстве пануе ўслаўленне ўсіх зямных уцех і радасцей жыцця, міфы, вера лёс.
Сярэднявечча перыяд ад V ст. н. э., з часоў падзення Рымскай імперыі, да XV ст., калі пачалася эпоха Адраджэння. Гэта быў час, калі ў цэнтры светапогляду, людской увагі былі нябесныя сілы, калі надзвычайнае пакланенне Богу і рэлігійны (хрысціянскі) культ панавалі ва ўсім жыцці. У гэты час узрос аўтарытэт Бібліі, шырока распаўсюджваліся шматлікія рэлігійныя вучэнні, вывучаліся пропаведзі святых айцоў, немагчыма было не прыслухоўвацца да настаўленняў царквы і касцёла. Аскетызм і рыгарызм сталі нормай чалавечага існавання. Узнікла манаства. Служэнне Богу станавілася самым распаўсюджаным заняткам. Панаваў культ рэлігійнага падзвіжніцтва, захавання рэлігійных канонаў, догмаў. Шырока бытаваў у Сярэднявеччы культ рыцара, які змагаўся на ратным полі, ажыццяўляў свае подзвігі ў імя росквіту і магутнасці краіны. Воінскі гонар, доблесць і адвага цаніліся ў грамадстве вышэй за ўсё. Сярэдневяковая культура грунтавалася на жанравым сінкрэтызме (злітнасці) форм: царкоўнай і свецкай, першая з якіх, больш афіцыйная, часам прыходзіла ў сутыкненне з простанароднай, смехавай, карнавальнай, агульнадаступнай.
У эпоху Сярэднявечча распаўсюджвалася рэлігійнае асветніцтва, у светапоглядзе пераважаў хрысціянскі гуманізм. Аднак усё прыкметней станавілася панаванне схаластыкі, традыцыяналізм змяняўся кананічнасцю, дагматызмам, а нярэдка і нецярпімасцю да іншадумства і свабоды выбару. У свецкай літаратуры вельмі мала ўвагі ўдзялялася пакутам і нягодам простага народа. У процівагу царкоўнай і саслоўнай літаратуры для духавенства і дваранства ў асяроддзі простага люду ўзнікла народная літаратура, як аўтарская, так і ананімная.
Але менавіта ў эпоху Сярэднявечча назіраўся рост буйных гарадоў, заяўлялі аб сваёй самастойнасці новыя дзяржавы, ішло інтэнсіўнае станаўленне і фарміраванне з жывых народных гаворак нацыянальных моў. У Еўропе ўзнікла кнігадрукаванне. Ажыццяўляліся вялікія падарожжы, у выніку якіх былі адкрыты новыя землі.
Антычная і сярэдневяковая культуры аказалі вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры, у якой знайшлі сваё яскравае ўвасабленне шматлікія тэмы, вобразы, сюжэты сівой даўніны чалавечай цывілізацыі.