Антычная і сярэдневяковая культуры аказалі вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры, у якой знайшлі сваё яскравае ўвасабленне шматлікія тэмы, вобразы, сюжэты сівой даўніны чалавечай цывілізацыі.
Жыціі і пропаведзі
Лёсавырашальнай падзеяй у жыцці нашых далёкіх продкаў стала пашырэнне хрысціянства на землях старажытнай Беларусі. Важнейшым цэнтрам хрысціянізацыі быў старажытны Полацк, аб чым і сёння сведчыць стромкі сілуэт Полацкага Сафійскага сабора на беразе Заходняй Дзвіны.
Полацкае княства ўзнікла як своеасаблівая мытня ў верхняй частцы вялікага гандлёвага шляху з варагаў грэкі на самым яго пачатку. Полацк кантраляваў увесь гандаль па рацэ Заходняя Дзвіна аж да Балтыйскага мора.
Гандлёвы шлях пралягаў праз усе вялікія гарады, што закладваліся ў старажытнасці па берагах рэк. Ажыўлены гандаль, якім займаліся і полацкія купцы, быў асновай працвітання горада і ўсёй Полацкай зямлі. Ён патрабаваў ведаў, граматы, пашыраў кругагляд. Такім чынам, не толькі палітычныя, але і эканамічныя кантакты з шырокім светам рухалі хрысціянскую ідэю ў глыб усходнеславянскіх зямель, што садзейнічала развіццю мастацтваў, у тым ліку і мастацтва слова.
Помнік Ефрасінні Полацкай у двары студэнцкага гарадка БДУ (скульптар І. Голубеў)
Дзякуючы шырокім кантактам з іншымі народамі ў свядомасці тутэйшага люду хутчэй праходзілі працэсы канвергенцыі (узаемадзеяння, перапляцення, зрашчэння) дзвюх ментальнасцей язычніцкай і хрысціянскай. Нашы продкі заставаліся язычнікамі, з верай у шматбожжа, магутную сілу слова, у адушаўленне прыроды, у абагаўленне наваколля. Прыход новай хрысціянскай веры рабіў сапраўдны рэвалюцыйны пераварот у свядомасці. Для многіх няпроста было прыняць нязвыклую веру.
Асваенне новай рэлігіі шло праз стварэнне мастацкіх твораў рэлігійнага зместу. Першыя ўзоры мастацкага пісьменства падобнага роду дала агіяграфічная літаратура, так званыя жыціі апісанні жыцця і дзейнасці кананізаваных царквою асоб. На Беларусі вядомы арыгінальныя творы гэтага жанру XIIXIII стст.: Жыціе Ефрасінні Полацкай, Жыціе Аўрамія Смаленскага.
Такім чынам, разам з пашырэннем хрысціянскай веры на Беларусь прыходзіць і пісьменнасць. Манахі перапісвалі Біблію, старанна выводзячы радок за радком, але перайначвалі яны той тэкст на свой лад, набліжаючы яго да мовы і свядомасці простага люду. Пісьменныя людзі і духоўнікі перапісвалі жыціі, казанні, апокрыфы, спісвалі святыя тэксты дзеля пашырэння веры і выратавання душы. Шмат бытавала ў гэты час на Беларусі твораў візантыйскага пісьменства. Па кірмашах хадзілі лірнікі-старцы, якія спявалі ці пераказвалі Жыціе Аляксея, чалавека Божага, міфалагічныя байкі, казанні, апокрыфы. Шырока бытаваў твор Блуканне Багародзіцы па пакутах, выконваліся арыгінальныя беларускія вершаваныя пераказы, дзе гаварылася пра жыццёвыя подзвігі і смерць Барыса і Глеба, Кандрата-пакутніка, Тэклі-першапакутніцы. Распаўсюджаны былі і перакладныя творы. Жыціі ўтрымліваюць каштоўныя гістарычныя факты, бытавыя замалёўкі, эмацыянальна-псіхалагічныя маналогі герояў і тым цікавыя для сучаснага чытача.
Менавіта ў гэтым жанры захавалася апісанне жыцця і дзейнасці выдатнай хрысціянскай асветніцы Ефрасінні Полацкай (каля 11031173). Зусім юнай князёўнай Прадслава (свецкае імя Ефрасінні), дачка полацкага князя Георгія Усяславіча і ўнучка славутага Усяслава Чарадзея, прыняла манаскі пострыг.
Лёс князёўны склаўся нетрадыцыйна. Надта рана зрабіла яна свой выбар паміж свецкім жыццём, поўным зямных радасцей і клопатаў, і ўзвышаным, духоўным. Паводле легенды, даведаўшыся, што яе хочуць выдаць замуж за аднаго з князёў, Прадслава знайшла прытулак у манастыры, дзе была ігуменняй яе цётка. Так Прадслава і стала манашкай. Хутка яна сама заснавала жаночы манастыр недалёка ад Полацка, у Сяльцы, пазней мужчынскі.
Шмат зрабіла Хрыстова нявеста Ефрасіння для ўзвядзення храмаў, іх аздаблення. Але найбольш мы цэнім яе асветніцкую дзейнасць. Яна адкрывала школы пры манастырах, перапісвала ў скрыпторыі кнігі, вучыла людзей справядлівасці, праўдзе, дабру. У канцы жыцця Ефрасіння паломніцай наведала Святую зямлю і там, у Ерусаліме, у праваслаўным манастыры скончыла свой жыццёвы шлях. Астанкі яе былі перавезены на родную зямлю ўжо значна пазней.
Ефрасіння Полацкая адна з першых жанчын на ўсходнеславянскіх землях, якую кананізавала царква. Вобраз Ефрасінні Полацкай натхніў нямала мастакоў слова, якія працавалі і працуюць у гістарычным жанры. Аднак імя аўтара Жыція Ефрасінні Полацкай невядомае. Гэта адзін з найбольш ранніх твораў гістарычнай прозы. Да нашага часу ён дайшоў у спісе XVI ст. Падзеі ў Жыціі Ефрасінні Полацкай падаюцца строга храналагічна. Акрамя біяграфіі Ефрасінні, апісання яе паломніцтва ў Святую зямлю ў творы ёсць цікавыя звесткі пра жыццё палачан, побыт княжацкай сямі.