Яна агледзела яго тым самым чужым і дзіўным позіркам. Ён стаяў такі засаромлены, зграбны, у вачах ягоных былі такая горыч і такая крыўда, што яна апусціла вейкі.
- Што ж гэта вы? - сказала яна ўжо трохі іншым тонам. - Як жа гэта вы?
І ён убачыў у яе вачах водсвет таго захаплення, з якім яна заўсёды глядзела на яго. Але акрамя водсвету ў вачах цяпер былі слёзы не слёзы, а так нешта накшталт безнадзейнага развітання з нечым дарагім.
- Не трэба так, Гануся, - усё яшчэ з некаторай ненатуральнасцю сказаў ён. - Я ж... пакахаў вас.
Яна моўчкі пахітала галавою, адмаўляючы яму ў літасці.
- Не... не...
І пайшла на яго, як на пустое месца. Уражаны, ён адступіў і разгублена глядзеў, як яна ішла затравелай вуліцай, як завярнула за рог драўлянага касцёла, як знікла. І тады ён застагнаў ад сораму і ганьбы.
А хлопец усё яшчэ ляжаў у вытаптанай траве, і людзі падыходзілі, глядзелі і праходзілі. Так цэлы дзень.
Надвячоркам прыехаў з павета злосны Вольке. Куды знікла яго ўсмешка анёла. Твар быў, як у збраяносца, які падае рыцару кінжал, каб той дабіў параненага ворага.
Распранаючыся, змываючы ў двары праўлення пыл з цела (вада тройчы ставала чорная), выціраючыся суровым ручніком, кідаў:
- Зараз паедзем на кардон... Ніхто не пазнаў?.. Дзіва што. Дзікуны!.. Вандалы!.. Індзейцы... Знішчаць іх, як сабак!.. Маўчаць або лаюцца... Я ведаю, хаця б хто слязіну выраніў... Крычалі ў павеце на мяне... Маёр... Нічога, цяпер вось толькі горла прамачу і - на кардон... Я ім пакажу... Крывёю рыгаць будуць.
Толькі за чаем ён трошкі супакоіўся. Высыпаў перад сабою на стол кніжкі з лубянога кораба, піў чай і глядзеў на іх злоснымі, як у луня, вачыма.
- Тутэйшых ім, бачыце, захацелася... Шайзе... А жывуць з цялятамі... Вынішчаць іх...
- Што ж, і мяне вынішчаць? - з усмешкай спытаў Буткевіч.
- Вы - другое. Вы цывілізаваны чалавек. А гэта - гной.
Пакруціў галавою.
- Ох і крычалі! Кажуць, у губерні зноў з'явіліся падкінутыя лісты. А ў іх словы - што міністраў трэба задушыць...
- Так ужо і напісана?
- Ну, не зусім так. Але - сэнс... Прыехаў з губерні жандарскі маёр... Пасля размовы з нашым трухлявым варацідлам адазваў мяне і сказаў, што калі кантрабанда будзе і далей, асабліва заядлага кантрабандыста прыкончыць без суда і следства: край, маўляў, глухі, лясны. Хто разбярэцца? Можа ў перастрэлцы загінуў? Кантрабандысты ж, яны... узброеныя.
- Гэта ж разбой.
- Гэта не разбой. Гэта барацьба з кантрабандай. А кантрабанда - усё адно кантрабанда, кнігі гэта, англійскія тканіны або тытунь.
Салдат, што вартаваў забітага, асцярожна прачыніў дзверы і бокам праціснуўся ў пакой.