Амерыканка, місіс Маер, Васілю адразу спадабалася. Кабеце было даўно за семдзесят, а яна мела танклявую дзявочую паставу і не па ўзросце пышную фрызуру з уплеценым у скронь белым гарлачыкам. І звалі яе адмыслова: Каліста. Васіль, набраўшыся смеласці, пацікавіўся адкуль такое дзіўнае імя? Аказалася, што бацька кабеты ў маладосці захапляўся навуковай фантастыкай, таму й назваў дачок у гонар спадарожнікаў Юпітэра: Каліста і Амальтэя.
Адно кепска мучыла амерыканку задышка. Крыху пройдзе, спыніцца, на што-небудзь абапрэцца і зморана дыхае. І дыханне ў яе прыемнае мятна-шакаладнае. Іншая рэч унучка. Тая не па гадах тлустая. Як бяжыць, дык трыбух трасецца. Няйначай, ад кока-колы ды хот-догаў так расперла. І па-беларуску зусім нічога не цяміць. А вось бабуля, хаця і з нейкім дзіўным акцэнтам, а размаўляе на добрай літаратурнай мове. І асабліва любіць паэзію. Васіль тых вершаў ведае да халеры і раз-пораз іх чытае. І, што дзіўна, калі свой верш прачытае, місіс Маер толькі лагодна пасміхнецца. А прачытае якога класіка адразу ганарар атрымлівае: дзесяць даляраў адной паперкай. Сёння раніцай, яшчэ да сняданку, прачытаў знакаміты верш «Трэба дома бываць часцей», дык госця расчулена носам шморгнула і паўсоценнай баксінай абдарыла.
Ну і, вядома, вось ужо чацвёрты дзень на губе і росачкі не было. Нават «дзембельскі каляндар» завёў: тры драпіны іржавым цвіком правёў па шуле. Першыя два дні надта цягнула ўзяць чарку, цяпер крыху адлягло. Увечары, як будзе спаць класціся, чацвёртую драпіну накрэмзае.
Спаць, праўда, даводзіцца ў адрыне, але яно і лепш: свежае паветра, здаровы сон і сена пахне так, што галава кружыцца. Сцяпан надоечы наогул прапанаваў застацца ў яго да Новага года. Збіраецца, казаў, мансарду будаваць, агароджу на бетонных слупах вакол сядзібы ставіць
«Эхх!» каротка выдыхнуў Васіль, кульнуўся на бок, збіраючыся крыху падрамаць, ды тут знадворку даляцеў заклапочаны голас гаспадара:
Ты дзе?!
Васіль зехаў з тарпы, на хаду размінаючы рукі, як гэта робяць піяністы перад канцэртам.
Таўстуха курынага булёну просіць, Сцяпан незадаволена кіўнуў на дзверы хаты, так што трэба пеўніка секануць. Вунь таго, цыбатага. А то ён на людзей кідаецца. Калодка з сякерай за адрынай стаіць.
Гаспадар пайшоў да хаты і ўжо з ганку крыкнуў:
Круп сыпані ў хляве ды дзверы зачыні. Проста так не зловіш.
Васіль у адказ махнуў рукой. Ён сам нарадзіўся ў вёсцы і такія парады гучалі недарэчы.
Злавіць цыбатага задзіраку, што праўда, было не так і лёгка. На параду гаспадара Васіль сыпануў панцаку, паклікаў курэй, тыя гамузам збегліся, але задзірака ў хлеў не пайшоў. Стаяў ля шчарбатага ганка і незадаволена квахтаў, узняўшы пёры на шыі.
Пеця, Пеця, паклікаў Васіль, сыпануў круп на ганак, і певень з насцярогаю ўвайшоў у хлеў.
Нарэшце дзверы былі зачыненыя і звыклыя да зыркага сонца вочы апанавала шарая памрока. Уваччу паплылі вясёлкавыя кулі, а паміж імі размытымі белымі плямамі замітусіліся куры. Васіль, аднак, не выпускаў з поля зроку пяюна-задзіраку і, калі той падышоў бліжэй, кінуўся яго лавіць. У хляве ўсчаўся гармідар. Куры лёталі, бючы крыламі па твары, голасна кудахталі, а дзесьці над галавой, заляцеўшы на вышкі, галасіла, прадракаючы бяду, сіпатая курач. Да таго ж за дзвярыма адчайдушна забрахала гаспадарава сучка і спалохана задзяўкаў шчанюк. І калі, пабіўшы галаву аб загарадку, Васіль схапіў гарластага злодзея за хваста і са словамі «Адлётаўся, паскуда!» прыціснуў да грудзей, аказалася, што злапаў не пеўня, а рабую курыцу. Толькі хвілін праз пятнаццаць з пабітай галавой, з перем у валасах і з размазаным на носе курыным памётам Васіль баднуў галавой дзверы хлява і сутыкнуўся з амерыканкай. Заморская госця была не на жарты ўсхваляваная. Перапужалася, відаць, пачуўшы сабачы брэх і курыны лямант. Але нечакана пасміхнулася, паспрабавала палашчыць пеўня, якога Васіль сціскаў дзвюма рукамі.
Уот э вандэфул кок! уражана прашаптала місіс Майер, забыўшыся на імгненне родную мову, але тут жа страсянула кудзеркамі: «Кок» па-ангельску «певень».
Ды я ведаю, буркнуў Васіль, згадаўшы малюнкі свойскай птушкі з падручніка ангельскай мовы і подпісы пад імі: соck, goose, duck.
Спачатку Васіль хацеў адпусціць пеўня ну не секчы ж яго на вачах гэтай Каністры, ці як яе там Але ж тут і зло ўзяло. Столькі часу лавіў гэтага нягодніка, лоб пабіў, кашулю завэдзгаў і што цяпер адпусціць? Ну ўжо не другім разам будзеш лавіць інфаркт атрымаеш. Ды і што тут страшнага? Цюкнуў сякерай, абскуб, абсмаліў і ў чыгунок укінуў.