Вінцэсь Мудроў - Помнік літары «Ў» стр 4.

Шрифт
Фон

 Уот э вандэфул кок! уражана прашаптала місіс Майер, забыўшыся на імгненне родную мову, але тут жа страсянула кудзеркамі: «Кок» па-ангельску «певень».

 Ды я ведаю, буркнуў Васіль, згадаўшы малюнкі свойскай птушкі з падручніка ангельскай мовы і подпісы пад імі: соck, goose, duck.

Спачатку Васіль хацеў адпусціць пеўня ну не секчы ж яго на вачах гэтай Каністры, ці як яе там Але ж тут і зло ўзяло. Столькі часу лавіў гэтага нягодніка, лоб пабіў, кашулю завэдзгаў і што цяпер адпусціць? Ну ўжо не другім разам будзеш лавіць інфаркт атрымаеш. Ды і што тут страшнага? Цюкнуў сякерай, абскуб, абсмаліў і ў чыгунок укінуў.

Не ведаючы, як адчапіцца ад Каністры, Васіль з нецярплівасцю пераступіў з нагі на нагу, заклапочана азірнуўся на бокі, і тут яму пашанцавала: з сабачай будкі вылез таўсматы шчанюк, і кабета, ляпнуўшы далонямі, кінулася яго лашчыць.

Сцярожка, на дыбачках, завярнуў Васіль за адрыну, падышоў да калодкі, выдзер з яе сякеру і ўжо замахнуўся, каб адсекчы пеўню галаву, ды тут за спінай нема, з гартаннымі нотамі, залямантавала амерыканка.

 Што вы робіце?!

Рука здрыганулася, і з-пад сякеры адляцеў толькі грэбень. Певень вырваўся з рук, узляцеў у паветра, скокнуў на голаў Каністры, цыркнуўшы на твар гарачай юшкі. Амерыканка ціха вохнула, закаціла вочы, з млявай павольнасцю асунулася на зямлю. У тую ж хвіліну, пакліканая немым бабчыным воклікам, з-за адрыны вытыркнулася ўнучка і, пабачыўшы скрываўленую бабцю і поруч з ёю мужчыну з сякерай, таксама вохнула, ушчаперылася ў збуцвелую сцяну і, здзіраючы з пальцаў манікюр, таксама абрынула вобзем.

Неўзабаве з-за рога адрыны вылецеў гаспадар аграсядзібы. З разгону ён зачапіўся нагой за таўстуху і нават збялеў з перапуду. Але тут жа ўцяміў, у чым справа, прыпаў вухам да грудзіны непрытомнай пастаялкі.

 Ці жывая? сіпата запытаўся Васіль, звяртаючыся да выстаўленага Сцяпанавага азадка.

Сцяпан у адказ мацюкнуўся.

 Ідзі лепш зірні што з унучкай!

Васіль крадком падышоў да таўстухі і перавёў дых: малады арганізм справіўся са стрэсам і дзяўчына ўжо спрабавала падняцца. Але, угледзеўшы Васіля, прыціснулася плячамі да сцяны і са слязьмі на вачах перахрысцілася.

 Сякеру кінь, халера! грымнуў за спінай адчайны Сцяпанаў голас.

Толькі цяпер заўважыў Васіль, што трымае ў руках сякеру. Выпусціўшы з рук тапарышча, ён разважліва, прачышчаючы глытку, кашлянуў у далонь.

 Кок май кок! паспрабаваў штосьці патлумачыць па-ангельску, але таўстуха, пачуўшы слова «кок», шалёнымі вачыма ўтаропілася на крэсла Васілёвых штаноў і яшчэ ямчэй прыціснулася да адрыны.

 Дзе ты, йоп?! гаспадар ускочыў на ногі, падхапіў пастаялку пад пахі. Бярыся, пацягнем да калодзежа!

Місіс Майер была на дзіва лёгкай.

Паклаўшы змарнелую небараку ля калодзежа, Васіль налёг на корбу калаўрота, з аглушальным плёскатам выцягнуў паўнюткае вядро і хацеў быў шухнуць вады на самлелую госцю, ды Сцяпан перахапіў вядро.

 Ты што, бляха, зусім ашалеў?!

Сёрбнуўшы на поўную губу халадзёнкі, гаспадар аграсядзібы пырснуў вады на твар непрытомнай пастаялкі.

 Ну што стаіш, як усёршыся. Ляці ў хату, цягні скрыню з лекамі. Адразу ля ўваходу, на сцяне вісіць.

Васіль ужо бег да хаты, а Сцяпан усё крычаў яму наўздагон: Мабілу прыхапі, трэба «хуткую» выклікаць!

На ганку былы журналіст спыніўся, і нечаканая думка працяла свядомасць: «А што я, сапраўды, бегаю тут, як усёршыся?» Васіль збіў з чупрыны пух, выцер рукавом курыны памёт з носа. «Знайшлі парабка. Запрашалі выправу правесці, а тут ужо на двух руках мазалі. Працую як мурын на плантацыі. І ноччу сну няма праз камароў. Самі ў хаце на ложках дрыхнуць, а мяне ў адрыну ўперлі», і, дзіўная рэч, пад уражаннем тых гарачкавых думак ногі панеслі яго ў шырокае поле. Спачатку ён ішоў нясмела, сюд-туд азіраючыся на Сцяпанаву аграсядзібу, потым прыпусціў нібыта яму жару кінулі ў порткі ды тут жа ізноў запаволіў хаду і са сполахам уваччу зірнуў праз плячук.

«А як возьме ды здырдзіцца? На каго тады пальцам торкнуць? На мяне, вядома», ад такіх думак былому журналісту стала не па сабе і ногі зрабіліся ватнымі. «Але што я такога зрабіў? Пеўню грэбень адсек?» Васіль згадаў раптам, як у далёкім дзяцінстве маці адсекла качцы галаву, тая стала бегаць, безгаловая, па двары, а ён, дзіцянё, крычаў ліхім голасам: «Мама, мама! Яна яшчэ жывая!»

Згадаўшы маці, Васіль пракаўтнуў халодны камяк, што знянацку падступіў да горла, рашуча пашыбаваў па полі туды, дзе стаяў шыхт высокіх бярэзін, на якіх трывожна гарлалі гракі, і дзе бегла вясковая праселіца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3